Абавязковага вывучэння гісторыі і геаграфіі Беларусі па-беларуску ў школах пакуль не будзе
Увядзення абавязковага вывучэння гісторыі і геаграфіі Беларусі на беларускай мове ў найбліжэйшы час не адбудзецца. Гэта тлумачыцца невялікай колькасцю школьнікаў, якія валодаюць беларускай мовай, неабходнасцю перадрукоўваць падручнікі і Канстытуцыяй, піша interfax.by
Як адзначыў К.Фарыно на прэс-канферэнцыі “Сярэдняя школа на сучасным этапе: стан, праблемы і перспектывы”, у перспектыве рашэнне паўсюль вывучаць гісторыю і геаграфію сваёй краіны на беларускай мове можа быць рэалізавана, але не зараз:
“Напрыклад, для перавыдання падручнікаў для адной паралелі 5-га класа неабходна выдаткаваць каля 1,3 млрд рублёў, а для ўсіх класаў з 5-га па 11-ы, якія вывучаюць гісторыю Беларусі – больш за 10 млрд”.
Чыноўнік адзначае: “Давядзецца адкарэктаваць нарматыўна-прававую базу — закон аб мовах, кодэкс аб адукацыі. Наогул, па Канстытуцыі ў нас дзьве мовы, і права выбару адной з іх — за бацькамі”.
“На гэты момант гісторыю Беларусі на беларускай мове ў нашай краіне вывучае каля 18% дзяцей, з якіх толькі 5% пражывае ў гарадах”, — растлумачыў Фарыно. Паводле Міністэрства адукацыі, гісторыю Беларусі на беларускай мове ў сельскай мясцовасці вывучаюць 56% школьнікаў, а на рускай — 44%.
Усяго 2 месяцы таму міністр адукацыі паведамляў журналісту “Звязды”:
— Такая задача ўжо пастаўлена і мы будзем імкнуцца да таго, каб ужо з новага навучальнага года беларуская мова вярнулася на ўрокі па гісторыі і геаграфіі роднага краю.
Гісторыя і геаграфія Беларусі выкладаецца на рускай мове з 2006 года.
Вучням рускамоўных школ было прадастаўлена права выбіраць, на якой мове вывучаць гісторыю Беларусі , і хутка беларуская мова практычна знікла з урокаў гісторыі, а беларускамоўныя падручнікі былі замененыя новымі.
Здымак http://www.svaboda.org