Беларускі «зайчык» праз дваццаць гадоў
Невялікія па памеры, быццам з дзіцячай гульні, грошы спачатку выклікалі здзіўленне. Яны былі нязвыклыя яшчэ і таму, што намінал кожнай купюры трэба было памнажаць на дзесяць. Гэта азначала, што, напрыклад, пяцідзесяцікапеечная «вавёрачка» на самай справе з’яўлялася пяцірублёвым грашовым знакам. Аднак, няглядзечы на ўсе гэтыя нязручнасці, «зайчыкі» вельмі хутка сталі адзінымі беларускімі грошамі.
І вось з таго моманту прайшлі два дзесяцігоддзі. Што ў выніку? Цяпер ужо, напэўна, не ўсе памятаюць, на якой канкрэтна купюры прысутнічаў воўк, а на якой – бабёр.
Прадстаўнікі беларускай фауны даўно памерлі ціхай інфляцыйнай смерцю. Сёння на разліковых білетах Нацбанка – розныя архітэктурныя прыгажосці. Якія ж дасягненні ёсць у «зайчыка»? Калі ўявіць сабе такую карціну, што ў былых рэспубліках СССР застаўся ўмоўны савецкі рубель, колькі б сёння ў розных мясцінах каштаваў амерыканскі долар?
У Расіі – 30000 (30 расійскіх рублёў), у Казахстане – 150000 (150 казахстанскіх тэнге), у Літве – 2300 (крыху больш за два літоўскіх літа). А ў Беларусі з улікам дзвюх дэнамінацый… 80 мільёнаў. Дарэчы, апошняя беларуская купюра з відамі Магілёва, каб не тыя ж дэнамінацыі, мела б дзевяць нулёў. Гэта быў бы грашовы знак вартасцю ў два мільярды! У найноўшай сусветнай гісторыі далей скакнуў толькі зімбабвійскі долар (не ўсе ведаюць пра гэтую далёкую афрыканскую краіну).
І яшчэ крыху пра грошы. У 1992 г. у суседняй Літве таксама з’явіўся іхні грашовы «звярынец». Некаторы час тады долар каштаваў чатыры тысячы беларускіх «зайчыкаў» і чатыры тысячы літоўскіх талонаў. Потым літоўцы займелі сапраўдныя грошы – літы. Тысячу мясцовых талонаў мянялі на адзін літ, за долар ЗША адпаведна давалі чатыры літы. А цяпер? Долар у суседняй краіне каштуе амаль удвая дзешавей, чым дваццаць гадоў назад. Неверагодная, фантастычная карціна для Беларусі.
Ну і, нарэшце, такі факт для цікаўных. У Вялікабрытаніі любы ангельскі фунт, выпушчаны пачынаючы з 1627 году, можна памяняць у банку на цяперашні ангельскі фунт. Зразумела, што такія старыя купюры і манеты маюць сёння нумізматычную вартасць і прадаюцца выключна на антыкварных аукцыёнах. Аднак усе роўна гэты момант уражвае. Вось вяршыні, да якіх ёсць сэнс імкнуцца.