Фэст моладзевай журналістыкі “Твой стыль” стартаваў!
– Я веру, што працяг Фестываля будзе, і мы ўжо падумываем пра чацьвёрты фэст, бо на яго ёсць запатрабаванне, – сказаў у прывітальным слове старшыня праўлення ГА «Трэці сектар» і арганізатар Фэсту Вітаўт Руднік.
Ён падзякаваў партнёрам, якія дапамаглі арганізаваць фестываль, асабліва падкрэсліваючы заангажаванне Беларускай Асацыяцыі Журналістаў (БАЖ). Вітаўт Руднік узгадаў таксама пра навінку фестываля — ФотаБатл.
– Вядучымі майстар-класаў на фэсце будуць не толькі беларускія журналісты, але таксама госці з Польшчы і Украіны, – паведаміў арганізатар.
Пра значэнне Фэсту выказаўся знакаміты беларускі журналіст і сябра Рады БАЖу Юрась Карманаў.
На яго думку ў Беларусі шмат журналістаў, але не ўсе аднолькава разумеюць функцыі і мэты журналістыкі. – БАЖ прытрымліваецца сусветнага разумення функцый і мэтаў журналістыкі. Гэта значыць: інфармаваць, дапамагаць людзям і кантраляваць уладу, – заявіў спадар Юрась.
Намаганнямі БАЖу Школы маладога журналіста зараз дзейнічаюць у пяці гарадах Беларусі.
– Менавіта для іх ладзяцца фэсты падобнага кшталту, – падкрэсліў Карманаў.
Госць Фэсту, які выкладае журналістыку ў Еўрапейскім Гуманітарным Універсітэце, падкрэсліў, што больш паспяхова засвойваюць праграму навучання менавіта выпускнікі “Школы Маладога Журналіста” (ШМЖ), якая дзейнічае ў Гродне як праект ГА “Цэнтр “Трэці сектар”.
Больш здымкаў з адкрыцця фэсту глядзі тут