Віртуальны адпачынак – доля большасці беларусаў

| Без катэгорыі

І вось так, самотны, выйдзеш на вуліцу, глянеш у блакітнае неба… Для тых, хто марыць пра падарожжы, хаця б і віртуальныя, прпаную зайсці на адпаведны сайт. Тут у рэжыме рэальнага часу можна адсочваць палёты самалётаў (як рэйсавых, так і чартаў) дзе заўгодна, у прыватнасці, і ў беларускім небе.

 

Столькі самалётаў адначасова над Еўропай

 

Вось над Зэльвай праплывае самалёцік. Так, што гэта за рэйс? А-319, ляціць з Прагі ў Екацярынбург на вышыні 11887 метраў. А вось у адваротным кірунку прыкладна ў тым жа раёне рухаецца Боінг-777, рэйс «Ганконг-Парыж». Вось Боінг-737 перасякае літоўска-беларускую мяжу, пралятае непадалёку ад Гродна. Рэйс «Рыга-Анталья», пасажырам можна толькі пазайздросціць.

 

Тым часам над Ваўкавыскам амаль на дзесяцікіламетровай вышыні праходзіць прыгажун швейцарскай авіякампаніі Swiss, накіроўваючыся з Жэневы ў Маскву. А вось прыкладна там жа з’яўляецца паветраны карабель, які ажыццяўляе рэйс «Парыж-Гуанчжоў». Цікава, самалет не традыцыйны Боінг ці Аэробус, а менш знаёмы МД-11.

 

Ад віртуальнай дыспетчарскай немагчыма адарвацца. Аказваецца, над намі, на агромнай вышыні, ідзе вельмі напружанае жыццё. Дарэчы, пры дапамозе гэтага сайта можна назіраць за любым канкрэтным самалётам у любой кропцы зямнога шара, глядзець, як праходзіць палёт вашых сваякоў ці знаёмых.

 

Узляцеўшы ў Парыжы самалёт хуткаў быў у беларускім небе

 

Усё, заканчваю набіраць гэты тэкст, вяртаюся да самалётаў. Што там новага ў небе? Да Мастоў набліжаецца Аэробус з Масквы, пункт прызначэння – Марсэль. Праляцеў Масты, хутка набліжаецца да беларуска-польскай мяжы. Ну, як спяваецца ў папулярнай цяпер песні: «А там яшчэ нямнога – і Праванс…».