Гродзенскага святара будуць судзіць за адмову здаць адбіткі пальцаў

|

Справа распачатая паводле арт.23.4 КАЗ РБ “Непадпарадкаванне законнаму распараджэнню альбо патрабаванню службовай асобы пры выкананні ім службовых паўнамоцтваў”.

 

Святара вінавацяць у адмове ад абавязковай дактыласкапіі паводле “завочнага” пратакола: калі ўчастковы не змог сустрэцца з а.Мікалаем асабіста, ён склаў пратакол у адсутнасць фігуранта, а сведкамі пазначыў сябе і яшчэ аднаго супрацоўніка міліцыі, піша orthos.org . У пратаколе зробленая адзнака, што святар адмовіўся ад подпісу.

Айцец Мікалай Гайдук стаў трэцім святаром Гродзенскай епархіі ў дачыненні якога распачаты адміністратыўны працэс за адмову ад абавязковай дактыласкапіі.

 

Яшчэ ў верасні 2011 года Епархіяльная рада адзначыла:

Што тычыцца дактыласкапіі, то, па-першае, тут прысутнічае чыста веранавучальны аспект. Царква памятае прароцкія перасцеражэнні пра апошнія часы і лёсы свету, калі адным з знакаў прыйсця Антыхрыста стане нанясенне пячатак на лоб і руку: “І робіць ён (звер), што малыя і вялікія, багатыя і бедныя, вольныя і нявольнікі атрымліваюць меціну на правай руцэ сваёй альбо на чале сваім” (Адкрыццё 13,16). Канешне, ніхто наўмысна не будзе праводзіць тут паралелі і рабіць радыкальныя высновы. Але знешняе падабенства дзеянняў па зняцці адбіткаў пальцаў рук з прыведзенай цытатай з Святога Пісання дазваляе клірыкам і свецкім пакідаць за сабой права паглядзець на працэдуру дактыласкапіі з пункту гледжання чыста рэлігійнай  і эсхаталагічнай. Адпаведна, яны цалкам абаснавана могуць ацэньваць запрашэнне прайсці дактыласкапію з пазіцый хрысціянскага сумлення і прымаць рашэнне, якое не рабіла б шкоды іх рэлігійным перакананням”.

 

Прадстаўнікі Праваслаўнай Царквы неаднойчы звярталіся да ўрада з просьбай аб распрацоўцы альтэрнатыўнай сістэмы ідэнтыфікацыі грамадзян.

На дадзены момант органы заканадаўчай і выканаўчай улады ігнаруюць звароты прадстаўнікоў Царквы і прымушаюць грамадзян да абавядковай дактыласкапічнай рэгістрацыі.

 

Суд над а.Мікалаем Гайдуком павінны адбыцца 12 чэрвеня ў 14.00 у будынку суда Ленінскага раёна (вул.Даватара, 2/1).

 

З 21 красавіка 2010 года адбіткі пальцаў мусяць здаваць усе ваеннаабавязаныя жыхары Беларусі.

Змены ў Закон “Аб дзяржаўнай дактыласкапічнай рэгістрацыі” унесеныя 4 студзеня 2010 года.

 

Паводле http://www.orthos.org/grodno