Некалькі радкоў у зводцы здарэнняў

|

Ад гэтай навіны мне самому зрабілася горача. Ахвярай пажару стаў мой даўні школьны сябар. У гэтай хаце я часта бываў, калі вучыўся ў Іўеўскай школе. Тут мы, некалькі дзесяцікласнікаў, сустракалі 1980 год. Да заканчэння школы заставалася некалькі месяцаў, і кожны з нас меў нейкія грандыёзныя планы на будучыню. Віктар добра вучыўся і марыў паступіць у Беларускі політэхнічны інстытут. Так і адбылося.

 

Пасля вучобы ў ВНУ застаўся ў Мінску, працаваў на заводзе, здаецца, на МАЗе, жаніўся і паспеў да развалу Савецкага Саюза пабудаваць кааператыўную кватэру, можна сказаць, ускочыў у апошні вагон адыходзячага цягніка. Маці дапамагла грашыма на машыну. Здавалася б, жыві і радуйся.

 

Аднак нешта пачало разладжвацца ў яго жыцці. На прадпрыемстве трапіў пад скарачэнне, паспрабаваў на ўласным аўто таксаваць, але адбылася аварыя, і гэты бізнес неяк закончыўся. Пачаліся сваркі ў сям’і, а набягаючыя адна за другой праблемы лячыліся традыцыйным і вельмі распаўсюджаным у нас народным спосабам. Дзеці тым часам выраслі, і ў невялікай мінскай кватэры зрабілася цесна.

 

Урэшце рэшт Віктар апынуўся ў матчынай хаце, адкуль калісьці ад’язджаў у вялікае жыццё. Паспрабаваў уладкавацца грузчыкам, аднак доўга на рабоце не пратрымаўся. Неяк перабівацца дазваляла матчына пенсія і тыя невялікія грошы, якія дзяржава выплочвае пры даглядзе за састарэлым чалавекам. Ну і, вядома, агарод.

 

У тую ракавую чэрвеньскую ноч Віктар быў адзін у хаце – хворая маці ляжала ў шпіталі. Суседзі заўважылі бяду толькі тады, калі ўвесь дом ужо быў ахоплены полымем. Пажарныя амаль не сумняваліся, што сітуацыя развівалася па стандартнаму сцэнару: выпіў, запаліў і заснуў.

 

Чаму так адбылося? Чаму вось гэтым жудасным агнём закончыліся юнацкія спадзяванні? Ці не ў кожным беларускім населеным пункце адбываюцца гісторыі, падобныя да гэтай…

Фота аўтара