Армія наша мацней за ўсіх
Здаецца, я знайшоў адказ, чаму вораг даляцеў амаль да цэнтра нашай краіны. У канцы чэрвеня ў ваўкавыскай газеце “Наш час” была надрукавана нататка намесніка начальніка 2-га радыётэхнічнага цэнтра ў пасёлку Рось па ідэалагічнай рабоце.
Аўтар з гонарам распавядаў, як бездакорна ахоўвае беларускае неба гэты цэнтр. З газетнага матэрыяла можна было даведацца, што супрацьпаветраная абарона знаходзіцца ў надзейных руках. А дзяжурствы тут нясуць – увага! – хлопцы, прызваныя непасрэдна з Ваўкавыскага раёна. Яны вопытныя байцы, адзначае маёр, да звальнення з армейскай службы ім застаўся ўсяго месяц.
Дык вось у чым справа! Салдат, якому да “дэмбеля” застаецца ўсяго нічога, будзе сачыць за паветранай прасторай? Канешне, толькі гэтым ён і займаецца! Той, хто служыў у войску, ведае, колькі розных прыемных заняткаў ёсць у армейскага старажыла. Тым больш, што ўсякія там ідэлагічныя забабоны наконт нападу амерыканцаў на “сінявокую” проста не ўспрымаюцца ўсур’ёз.
Гэта ўвогуле сапраўднае адкрыццё – тое, што на адказных рубяжах супрацьпаветранай абароны дзяжураць салдаты тэрміновай службы. Будзем чакаць наступных цікавых навінаў.
Здымак http://nn.by