Кветкі будучыні ў насенні сучаснасці, альбо з чаго пачынаецца роўнасць

| Без катэгорыі

Таму мае ўражанні ад візіту у стакгольмскі садок “Egalia” сталіся вельмі яскравымі. Многае там падалося дзіўным і нязвыклым, многае наводзіць на роздум – такім досведам хочацца падзяліцца.

 

Спадарыня Лотта, кіраўнічка садка, найперш распавяла пра свае педагагічныя ўстаноўкі, пра жаданне выхаваць свабодную паўнавартасную асобу, чалавека здольнага самастойна і асэнсавана рабіць свой выбар у жыцці незалежна ад гендэрнай ці нацыянальнай прыналежнасці і пра тое, як уплывае на выхаванне знешняе асяроддзе.

 

Из чего же, из чего же, из чего же

Сделаны наши мальчишки?..

Из веснушек и хлопушек,

Из линеек и батареек

Сделаны наши мальчишки!

Из чего же, из чего же, из чего же

Сделаны наши девчонки?..

Из цветочков и звоночков,

Из тетрадок и переглядок

Сделаны наши девчонки!

 

Словы гэтай песенькі рэфрэнам круціліся ў маёй галаве падчас размовы…

 

– Дзеткі вельмі рана пачынаюць бачыць, што жыццё як бы падзелена на дзве паловы – мужчынскую і жаночую. Напрыклад, праз такія простыя рэчы, як колер адзення. Ружовы, бэжавы, чырвоны – гэтыя колеры ўспрымаюцца як тыпова жаночыя.

 

Для хлопчыкаў часцей выбіраюць штосці цёмнае – сіняе, альбо карычневае. Альбо калі ўжо апранаюць на хлопчыка ружовыю кашулю, то штаны проста абавязкова цёмныя.

 

І праз гэта з самага дзяцінства тлумачыцца дзеткам пра раздзяленне палоў. Як гэта ўплывае на выхаванне асобы?

 

Наўпрост – светлае адзенне лягчэй запэцкаць і сапсаваць, таму выбар светлых колераў для дзяўчынак ужо абмяжоўвае іх выбар дзейнасці – ні ў лужыне не пасядзець, ні фарбамі вольна не пакарыстацца.

 

Тое ж тычыцца і фасонаў адзення.

Для хлопчыкаў часцей выбіраецца нешта практычнае, зручнае, такое, каб не замінала вольна рухацца, не рвалася. Ну і налепкі на хлапчуковым адзенні такія “крутыя” – скелеты, альбо дыназаўры. У такім адзенні можна і на дрэва залезці, і праз плот скочыць.

 

А тыпова дзявочае адзенне наадварот– такое ўсё легкае, празрыстае, шчыльна аблягае цела, з малюнкамі ў кветачкі альбо сардэчкі.

У такім адзенні трэба быць асабліва асцярожнай і ўважлівай, тут не пабегаеш і абы-як не павернешся, каб не парваць і не пакамячыць.

Такім чынам выбар адзення кантралюе паводзіны дзяўчатак.

 

І мы ў садку не надаем увагі ўбранню выхаванцаў – бо лічым, што кожны мае права выглядаць так, як яму хочацца.

А калі складаюццца такія сітуацыі, што дзіцятка “напрошваецца” на пахвалу свайму адзенню, то звяртаем увагу не на “прыгажосць”, а на практычныя аспекты ўбору, і хутчэй скажам “Якая добрая, трывалая (альбо лёгкая, практычная і г.д) тканіна” альбо “Добрае адзенне, у ім будзе зручна бегаць (танчыць, гуляць і г.д)”.

 

Выбар гульняў і цацак таксама непасрэдна выхоўвае асобу.

Звычайна дзяўчынкам прапануюць розныя ціхія гульні – у домік, з лялькамі, посудам, а для хлопчыкаў – больш актыўныя і шумныя – машынкі, альбо канструктары, ці актыўныя групавыя гульні кшталту футбола.

Тут, у садку мы не дыктуем дзецям, каму ў што гуляць і не перапыняем, калі яны выбіраюць гульні, якія як бы не адпавядаюць іх полу.

Ну і нарэшце, эмоцыі.

Усе людзі на планеце могуць перажываць самыя разнастайныя эмоцыі, і кожны мае права на самы шырокі спектр перажыванняў.

 

Аднак у нашай свядомасці з малых гадоў закладзена, што дзяўчынкі больш баязлівыя, а хлопчыкі больш агрэсіўныя. Таму, калі плача маленькая дзяўчынка, то ёй часцей кажуць “не бойся, ўсё будзе у парадку”, а калі плача хлопчык, то хутчэй скажуць “ вось, расплакаўся, мабыць раззлаваўся”, такім чынам прадпісваючы, якія эмоцыі трэба адчуваць у адпаведнасці з полам.

 

Але, як правіла, людзям хочацца быць гаспадарамі сваіх эмоцый і няма патрэбы казаць ім, што яны злуюцца, калі яны баяцца альбо наадварот.

 

Таму мы не навязваем дзеткам стэрэатыпнае бачанне, і калі дзіця плача, то проста пытаемся – “чаму ты плачаш, ці – што ты зараз адчуваеш?”. Мы не наклейваем на іх лэйблы мужнасці альбо жаноцкасці, а даём ім магчымасць перажываць любыя эмоцыі…”

 

Слухаючы спадарыню Лотту, я ўсё больш пранікалася разуменнем яе ідэі – сцерці тую мяжу, якая падзяляе свет на “мужчынскі” і “жаночы” і даць магчымасць кожнаму альбо кожнай выбіраць з усяго спектра колераў, справаў, адчуванняў і магчымасцяў …

 

Гэтаму ў садку спрыяе ўсё, нават зварот выхавацеляў да групы дзяўчат ці хлопчыкаў будзе такім, каб не падкрэсліваць гендэрную прыналежнасць. Тут не скажуць “дзяўчаткі (альбо хлопчыкі), ідзіце сюды”, а назавуць іх паіменна, каб паклікаць ці прыцягнуць увагу. Такім чынам падкрэсліваецца значнасць кожнай асобы, што дапамагае дзіцяці ўсвядоміць асабістую каштоўнасць.

Вельмі талерантнае і ўважлівае стаўленне дэманструюць супрацоўнікі садка і да пытанняў этнічнай прыналежнасці сваіх выхаванцаў. Штопятніцу (а візіт ў садок выпаў менавіта на пятніцу) у кожнай групе праводзяцца заняткі па знаёмству з культурнымі традыцыямі якой-небудзь нацыянальнасці.

 

Гэтым разам дзеткам расказвалі пра Фінляндыю, навучылі іх па-фінску вітацца і паказалі, як танчаць фінскае танга.

 

-У групе могуць быць дзеці розных нацыянальнасцей, і гэта ніяк не замінае іх зносінам. Тое, што яны розныя, не выключае таго, што яны роўныя, – працягвала спадарыня Лотта.

 

– Напрыклад, у бібліятэчцы садка (дзе дзеці таксама праводзяць пэўны час) мы маем кніжкі на ўсіх мовах, якія з’яўляюцца роднымі для дзетак, што ходзяць у садок, на дзіцячай пляцоўцы – цэлая галерэя нацыянальных сцягоў. Такім чынам мы забяспечваем дзецям роўныя магчымасці для самарэалізацыі, роўныя правы і абавязкі.

 

Для нас гэта вельмі важнае пытанне – пытанне дэмакратыі. З гэтага пункту гледжання сур’ёзную ролю адыгрывае і тая выбудова іерархій, што дзеці могуць бачыць вакол сябе.

 

Свядома ці падсвядома яны стараюцца адпавядаць тым чаканням, якія дэманструюць дарослыя. Таму на працу ў садок (хоць поварам, хоць выхавацелем) можа патрапіць толькі чалавек, які падзяляе і падтрымлівае дэмакратычныя каштоўнасці. Таксама важна зрабіць бачнымі для дзетак розныя пласты грамадства, таму сярод педагогаў прысутнічаюць прадстаўнікі розных гендэрных груп, людзі розных узростаў і нацыянальнасцей, культур і рэлігій. Такім чынам мы імкнемся паказаць дзецям разнастайнасць жыцця праз разнастайнасць ў грамадстве і – каштоўнасць кожнага чалавека незалежна ад таго, да якой групы ён належыць і які асабісты выбар робіць.”

 

…А пасля размовы мы прайшліся па садку і ўбачылі ўсё тое, пра што расказвала спадарыня Лотта –у групе з самымі маленькімі дзеткамі працаваў юнак з Польшчы, на падворку гуляла з выхаванцамі жанчына ў мусульманскім строі.

У бібліятэцы мы пагарталі кніжкі, спрабуючы прачытаць тэксты на (не заўсёды) вядомых мовах і нават падняліся на адкрытую гульнёвую пляцоўку на ўзроўні трэцяга паверху, дзе вельмі лёгка ўявіць сябе Карлсанам, каторы жыве на даху…

Я сапраўды даўно не была ў дзіцячым садку, даўно не задумвалася над тым, што важна і што не важна ў выхаванні, як гадуецца і сталее маленькае дзіцятка.

 

Мяне вельмі ўразіў досвед педагогаў, якія ў назву садка вынеслі слова “Egalia” – у шведскай мове яно абазначае штосці нязначнае, не вартае увагі.

 

У працэсе выхавання такімі нязначнымі і неважнымі, з пункту гледжання гэтых людзей, з’яўляюцца ўсе адрозненні – гендэрныя, этнічныя, культурныя альбо рэлігійныя.

 

А сапраўды важна, каб дзіцятка навучылася разумець свае ўласныя жаданні і памкненні і адрозніваць іх ад знешніх патрабаванняў, каб яно з малых гадоў вучылася рабіць асэнсаваны выбар ў жыцці, не абмяжоўваючы сябе стэрэатыпамі і ўмоўнасцямі.

 

Ну і, безумоўна, важна памятаць, што кветкі будучыні маюць шанец прарасці толькі з насення, пасеянага ў сучаснасці.

 

Фота аўтаркі