“Ваш сын збіў чалавека…”
У стрэсавай сітуацыі шмат хто рабіўся ахвярай зламыснікаў.
Пра такія выпадкі расказвалі электронныя і звычайныя СМІ, здавалася б, махлярам трэба прыдумваць нешта іншае. Аднак нездарма гаворыцца, што новае – гэта даўно забытае старое.
Калі 55-гадоваму жыхару Ваўкавыскага раёна раптам пазванілі і сказалі, што яго сын збіў на машыне чалавека, аднак справу можна замяць за тры тысячы долараў, той замітусіўся.
Такой сумы ў мужчыны не было, але на банкаўскай картачцы ляжалі 2 мільёны 300 тысяч беларускіх рублёў. Яны і сталі здабычай злачынцаў.
Прычым махляры так задурылі галаву сваёй ахвяры, што той паслухмяна зняў усе свае грошы ў банкамаце, завярнуў іх у газету і паклаў гэты скрутак у сметніцу ў гарадскім скверы, як яго навучылі па тэлефоне.
А вось жанчына з Ваўкавыскага раёна, якой невядомыя, відаць, акрыленыя папярэднім поспехам, пазванілі на наступны дзень, аказалася больш недаверлівай.
Яна адразу ж звярнулася за дапамогай ў міліцыю.
Як гаворыцца, пільнасць і яшчэ раз пільнасць.
Выява http://www.proza.ru