Ранейшага Нёмана мы ўжо не ўбачым
Жыхары абласнога цэнтра непакояцца, ці вернецца ранейшы ўзровень вады на раце, калі электроўня пачне працаваць.
На думку эколага Ніны Палуцкай, ранейшага Нёмана мы ўжо не ўбачым – агрэсіўны ўплыў чалавека істотна паўплываў на саму раку, яе берагі і дно.
– Значная частка плаціны ўжо спыніла дновыя наносы, таму ў ніжняй частцы гэтыя дновыя наносы не паступаюць. Гэта значыць, што пясчаныя водмелі і пяшчаныя пляжы, якія вельмі характэрныя для Гродна ўжо адсутнічаюць, іх вельмі мала. На іх месца прыходзяць узважаныя наносы – мул. І цяпер самыя любімыя месцы адпачынку гараджан у раёне Пышкоў і Мелавых гор ужо зніклі.
Завяршаецца этап па запаўненні вадасховішча пад Гродзенскую гідраэлектроўню. Будаўнікі кажуць, што праз два-тры тыдні будуць запушчаны гідратурбіны.
Тады гродзенцы змогуць пераканацца, ці спраўдзяцца абяцанні інжынераў электроўні і ўзровень ракі вернецца ў дабудаўнічы стан.
Яшчэ адна істотная рэч, якая звязана з жыццём ракі – міграцыя рыбаў. Адсутнасць шлюзаў, як у гродзенскай, так і ў існуючай ковенскай электроўнях перапынілі магчымасць міграцыі традыцыйных для Нёмана гатункаў рыбаў.
Вось так зараз выглядае Нёман у раёне ГЭС
Якуб Сушчынскі, Радыё Рацыя
фота Яўгена Рамашова