Дзень, калі валанцёры змагаліся з вынікамі “культурнага” адпачынку гарадзенцаў
Пад час акцыі было прыбрана 7 месцаў, аблюбаваных гарадзенцамі для адпачынку на прыродзе – крос-кантрыйная велатраса ў Пышках, “крэйдавыя кар’еры”, в. Пагараны-Кашэўнікі і інш.
Імглістым ранкам, узброіўшыся пакетамі і пальчаткамі, ініцыятыўная група ўвайшла ў лес, каб пазбавіць яго ад смецця.
У лесе каля 4-ай бальніцы дакладна няма грыбоў ды ягад, затое ёсць некалькі сотняў піўных бутэлек, пакетаў ад закусі і нават некалькі параў трусоў.
Першую гадзіну прыборкі, прыбіраючы наступствы “культурнага” адпачынку, валанцёры не шкадавалі каментароў у бок адпачываўшых.
Дзяўчына чытае надпіс на бервяне пасярод кучы смецця: “Тут быў Саша… Я б табе трэснула, Саша, за тое, што ты тут быў…”.
Не абавязкова шмат разоў нахіляцца, каб прыбіраць смецце ў лесе. Трэба проста прысесці і вакол сябе можна набраць некалькі кошыкаў смецца, потым зрабіць пару крокаў у іншы бок і так пакуль не выйдзеце з эпіцэнтру адпачынку.
Шукаць такія эпіцэнтры таксама не цяжка, можна абраць адну з пратаптаных сцежак і яна абавязкова прывядзе куды трэба.
За тры гадзіны пару дзясяткаў валанцёраў пазбавілі лес ад смецця. У выніку набраўся поўны грузавік рэшткаў піўных пасядзелак.
Юля Каляда, адна з арганізатарак акцыі, распавяла пра вынікі “Зробім-2012”:
– Не менш чым 200 чалавек узялі ўдзел у акцыі.
Не было магчымасці падлічыць, колькі вывезена смецця ў кілаграмах, таму што розныя машыны вывозілі, але мне здаецца, што і не гэтак важна, колькі ў кілаграмах, галоўнае, што нейкая частка Пышкоў, крэйдавых кар’ераў і іншых лесапаркаў стала чысцей.
Па словах Юлі Каляды (на здымку злева), галоўнай адметнасцю акцыі стала яе арганізацыя: упершыню ў такім маштабе свае намаганні аб’ядналі грамадскія ініцыатывы і камітэт і інспекцыя па ахове прыроды.
Здымкі аўтаркі