У Беларусі плануюць штрафаваць за правядзенне экскурсій без атэстацыі

|

Дэпартамент па турызме Мінспорту распрацаваў праект пастановы Савета Міністраў аб унясенні зменаў у палажэнне аб атэстацыі экскурсаводаў і гідаў-перакладчыкаў. Плануецца, што экскурсаводы будуць мець права правядзення толькі тых экскурсій, якія яны абаранілі. Акрамя таго, кандыдаты на праходжанне атэстацыі павінны будуць прайсці абавязковыя адукацыйныя курсы. Будзе таксама ажыццяўляцца аналіз якасці правядзення экскурсій. Да таго ж прадугледзяць магчымасць рэагаваць на скаргі турыстаў, незадаволеных якасцю правядзення экскурсій.

 

Гарадзенскія чыноўнікі яшчэ ў траўні ў лісце на імя прэм’ер-міністра прапанавалі ўвесці атэстацыю для экскурсаводаў, падобную на іспыт з тэарэтычнай і практычнай часткай.

 

Намеснік начальніка ўпраўлення фізічнай культуры, спорту і турызму Гродзенскага аблвыканкама Міхаіл Кажура тады казаў “Гродзенскай праўдзе”: – Лічу, што такая мера апраўданая і прымальная ў Беларусі, у тым ліку ў нашай вобласці. Часта сталі сустракацца некваліфікаваныя замежныя спецыялісты, якія банальна не ўмеюць праводзіць экскурсіі. Да ўсяго ў некаторых выпадках такія гіды трактуюць гісторыю на ўласны капыл.

 

Паводле дадзеных на 1 жніўня, якія прыводзіць belta.by, у Беларусі налічваецца 1142 экскурсаводы і 941 гід-перакладчык. Найбольш іх у Мінску – 346 экскурсаводаў і 158 гідаў-перакладчыкаў.

 

Паводле belta.by

Здымак http://marker.ru