Швецыя сто гадоў назад

|

Кніга каштоўная тым, што яе аўтару не трэба было ўжываць розную ідэалагічную лухту, ён пісаў тое, што бачыў, параноўваючы, вядома, з тагачасным жыццём у Расійскай імперыі. Дык вось, Швецыя, Стакгольм, пачатак ХХ стагоддзя:

 

«У Стакгольме досыць садоў, цяністых паркаў і лугоў, мноства бульвараў. Дзеткі ўвесь час гуляюць у гэтых алеях і на лужайках. Дзяўчыны з кніжкамі ці вязаннем сядаюць на шматлікія лаўкі. Вечарам тут мноства публікі, якая адпачывае. І аднак нічыя рука не кране ніводнай кветкі, нічыя нага не затопча ніводнай расліны. А кветак паўсюль вельмі шмат, яны так прыгожа пасаджаны.

 

Такі Стакгольм пабачыў у 1908 г. расійскі падарожнік. Паштоўка oldpostcards.se, каля 1905 г. 

 

Па вуліцах горада прабягаюць вагончыкі электрычнага трамвая. За некалькі капеек бедны чалавек можа аб’ехаць увесь горад. У Швецыі электрычнасць паўсюдна: яна возіць людзей у вагончыках, асвятлае вуліцы, дапамагае весці перамовы праз усю краіну па тэлефоне і пасылаць тэлеграмы амаль у кожную вёсачку. У нас тэлефон і нават тэлеграф – гэта раскоша для багатых, у Швецыі гэта зручнасць для ўсіх. Адправіць тэлеграму альбо паразмаўляць па тэлефоне можа амаль кожны».

 

Нагадаю, гаворка ідзе пра пачатак ХХ стагоддзя. А вось яшчэ адно цікавае назіранне ў шведскай сталіцы таго часу:

 

align=”left” >«Надзвычай добрыя маставыя і сходнікі Стакгольма. Мы ідзем як па лёдзе. Нідзе, нават у самых глухіх завулках, ніводнай шарахаватасці. Чысціня на вуліцах уражвае. Ды і наогул тут куды ні паглянеш – усё ўладкавана зручна і прыгожа».

 

Яшчэ адна карцінка стакгольмскай стогадовай даўніны ўражвае сённяшняга беларуса:

 

«А паліцыі тут вы амаль не ўбачыце. Зрэдку дзе-небудзь на самых ажыўленых месцах стаіць постаць гарадавога, які вам хутчэй нагадае звычайнага чыноўніка – такі ён ветлівы і прыязны да ўсіх. “Цягнуць і не пушчаць” тут нікога нікому немагчыма».

 

І такая дэталь тагачаснага шведскага жыцця:

 

«У які б аддалены куток Стакгольма вы не трапілі – нідзе не сустрэнеце ніводнага п’янага ці абадранца. Нідзе не чутно лаянкі. Усе чыста апранутыя».

 

Разам з тым сто гадоў назад на стакгольмскіх вуліцах паўсюдна можна было сустрэць ровары:

 

«Ровар тут не забава, а неабходны сродак. Гэтай прыладай часта карыстаецца і жанчына, і звычайны рабочы».

 

На мой погляд, шырокае выкарыстаннне новых транспартных сродкаў – прыкмета дынамічнага развіцця краіны. Што мы бачым, напрыклад, у Швецыі? З’явіліся першыя ровары – вельмі хутка іх ужо дзясяткі і сотні, сталі недарагімі лёгкаматорныя самалёты – і немалая колькасць жыхароў імі карыстаецца. А што, вельмі зручна, можна хутка дабрацца да тых месцаў, куды звычайных дарог няма.

 

Праз некалькі дзён назіранняў у шведскай сталіцы расійскі падарожнік прыходзіць да цікавай высновы:

 

«Мне здаецца, тут немагчыма, каб які-небудзь кравец ці швачка згадзіліся б за дадатковую плату не спаць ноч альбо прасядзець выходныя па першым патрабаванні заказчыка, як гэта ў нас адбываецца паўсюдна. Ніхто, ні за якія грошы не згадзіцца тут ператварыць сваё працоўнае жыццё ў вечную катаргу».

 

Абзац, канешне, спрэчны, аднак, здаецца, у шведаў ужо тады быў свой гонар. Не зашкодзіла б гэтаму павучыцца і ў пачатку ХХІ стагоддзя.