Беларускім антыядзерным актывістам не патлумачаць ануляванне віз

Міністэрства замежных спраў Літвы не патлумачыла інцыдэнта, які здарыўся на беларуска-літоўскай мяжы ўвечары 26 верасня, спаслаўшыся на міжнародную практыку, згодна з якой забароны ўезду або адмовы выдачы віз не каментуюцца і не тлумачацца.

 

Уласевіч, каардынатар грамадскай кампаніі «Астравецкая атамная – гэта злачынства!» і Новікава, каардынатарка Беларускай антыядзернай кампаніі, былі афіцыйна запрошаныя да ўдзелу ў канферэнцыі «Літва-Беларусь, ядзернае суседства», якая адбывалася ў Сейме Літвы. Перад гэтым абое неаднаразова наведвалі Літву і не мелі ніякіх прэтэнзій з боку міграцыйных службаў.

 

Рашэнне міністэрства пракаментаваў для «Радыё Свабода» дэпутат літоўскага парламента, сябра кіруючай кансерватыўнай партыі «Саюз айчыны – Хрысціянскія дэмакраты Літвы» Казімерас Уока, які 26 верасня адмыслова прыехаў на беларуска-літоўскую мяжу, каб вырашыць праблему:

 

«Недзе сем-восем месяцаў таму мы, апаненты пабудовы ядзерных электрастанцый з Літвы, Калінінградскай вобласці і Беларусі, пачалі кантактаваць паміж сабой і дамовіліся збіраць подпісы пад узгодненым тэкстам, у якім было патрабаванне спыніць такія пабудовы ў кожнай краіне і атрымаць грамадскую згоду на іх шляхам рэферэндуму. У Літве гэта ажыццявілася і 14 кастрычніка такі рэферэндум адбудзецца».

 

Адначасова з рэферэндумам у Літве адбудуцца таксама парламенцкія выбары. Праект Вісагінскай АЭС кіруючая кансерватыўная партыя «атрымала ў спадчыну» ад урада сацыялістаў пакойнага ўжо Альгірдаса Бразаўскаса. Як тлумачыў мінулай восенню ў размове з карэспандэнтам «Твайго стыля» літоўскі экалагічны актывіст Дарыюс Пачэвічус, у Літве фактычна існуе кансэнсус адносна будаўніцтва АЭС. Для кансерватараў яна перш за ўсё азначае энергетычную незалежнасць ад Расіі, для сацыял-дэмакратаў яна сімвал таннай энергіі.

 

«Няма чаго дзівіцца, што акцыі супраць атамнай энергіі не прыцягваюць шмат людзей – ужо 10 год ідзе прапаганда атамнай энергіі», – тлумачыў тады Дарыюс. Праўда, за год – па меры набліжэння выбараў – сітуацыя крыху змянілася: інфармацыйнае агенцтва «Новости энергетики» ў апошнім аглядзе літоўскай прэсы паведамляюць, што лідэр сацыял-дэмакратаў Альгірдас Буткявічус лічыць актуальны праект занадта дарагім. 

 

Казімерас Уока – партыйны рэнегат у пытанні будаўніцтва АЭС, якога неаднаразова заклікалі выключыць з партыі за надта правыя погляды – адкрыта крытыкуе рашэнне памежных службаў:

 

«Самае смешнае, што канферэнцыю арганізавала моладзь кіруючай партыі Літвы. То бок людзей не пусцілі на канферэнцыю партыі ўлады. Гэтая ўлада надта хоча пабудаваць АЭС, нэрвуецца і прымае, я б сказаў тупыя рашэнні. За гэтае тупое рашэнне мне, як літоўскаму дэпутату, сорамна».

 

Самога Казімераса Уоку не ўпусцілі ў Беларусь у красавіку гэтага года, куды ён ехаў таксама пратэставаць супраць АЭС. Прычынай была адсутнасць беларускай візы, аднак дэпутат лічыў, што з дыпламатычным пашпартам мае права на аднадзённы бязвізавы візіт у краіну.