СЁННЯ – ДЗЕНЬ НАРОДЗІНАЎ КАСТУСЯ КАЛІНОЎСКАГА
Першага лютага ў мястэчка Мастаўляны на Беласточчыне, дзе 2 лютага 1838 г. нарадзіўся Каліноўскі, прыехалі сябры ініцыятывы Беларуская Нацыянальная Памяць, а таксама беларускія студэнты, якія навучаюцца ў Польшчы па Праграме імя Кастуся Каліноўскага. Удзельнікі акцыі наведалі месца былой сядзібы Каліноўскіх, ад якой сёння застаўся толькі кутны камень.
Перад прысутнымі выступіў прафесар гістарычных навук, старшыня Беларускага гістарычнага таварыства ў Польшчы Алег Латышонак, які распавёў пра жыццё і дзейнасць Каліноўскага. На сядзібе Каліноўскіх у памяць пра героя паўстання 1863 г. быў зачытаны ўрывак з “Пісьмаў з-пад шыбеніцы”, якія былі напісаныя Кастусём у камеры віленскай Дамініканскай турмы. Беларуская Нацыянальная Памяць плануе ў хуткім часе ўсталяваць памятны знак на месцы былой сядзібы Каліноўскіх.
Тэкст і фота паводле http://bielarusnp.blogspot.com