Семінар «мага-лекара, гіпнолага і парапсіхолага» каштуе як білет на Scorpions
Гіберт збіраецца правесці для гарадзенцаў семінар «Каханне – падстава ўсяго Сусвету!».
Калі на афіцыйным сайце 24-гадовага Гіберта напісана, што ён «маг-лекар, гіпнолаг і парапсіхолаг, эзатэрык і містык, выключна светлы чалавек», дык прэс-рэліз мінскага і гродзенскага семінараў кажа, што Гіберт зусім не маг і не цудатворца, а «яго семінары маюць выключна псіхалагічны характар». Каму верыць?
Дыплома псіхолага Віталь не мае – пасля школы ён пайшоў вучыцца на аўтамеханіка ў каледжа, а пазней у інстытут на арганізацыю бяспекі руху, які аднак не скончыў.
«Твой стыль» сустрэў каля Пакроўскага сабора заангажаваную верніцу, якая разглядала фрагмент стрыт-арту, што з’явіўся нядаўна ля ўвахода ў храм. Яна ахвотна падзялілася сваімі думкамі наконт прыезду Гіберта ў Гродна:
«Як так можна, у храме навукі, насупраць храма Бога, будзе такая падзея – адзін суцэльны забабон! Я звярталася да праваслаўнага, каталіцкага кіраўніцтва, хадзіла да арганізатараў гэтага мерапрыемства. Трэба паспрыяць яго забароне! А кошты вы бачылі?»
Кошты на семінар Гіберта ўражваюць: у Гродне яны вагаюцца ад 80 да 750 тысяч рублёў, у Мінску – ад 160 да 940 тысяч рублёў.
За гэтыя ж грошы ў кастрычніку можна з’ездзіць у Мінск і наведаць: канцэрт Scorpions (290-850 тысяч), купіць некалькі білетаў на вялікі сольнік «Без білета» (80-200 тысяч за білет) або на The HBC Super Trio (200-650 тысяч).