Гарадзенскі абласны суд не задаволіў скаргу Алеся Пушкіна
Паводле рашэння Смаргонскага суда Пушкін за ўдзел у мастацкім перформансе ў гонар беларускага патрыёта Расціслава Лапіцкага быў засуджаны да 10 сутак адміністратыўнага арышту (па пяць сутак за нібыта арганізацыю несанкцыянаванага мерапрыемства і за непадпарадкаванне супрацоўнікамі міліцыі).
Мастак не пагадзіўся з такім вердыктам раённага суда і падаў скаргу ў абласны суд.
Скаргу разглядаў суддзя Васіль Скок, які вёў працэс па-беларуску.
Алесь Пушкін даводзіў у сваёй скарзе, што смаргонскія міліцыянты парушылі Закон аб органах унутраных спраў і Закон аб мовах.
Ён сцвярджаў, што былі парушаны яго правы, паколькі яму не паведамілі, што ён затрыманы, міліцыянты адмаўляліся выказаць свае патрабаванні па-беларуску, у час суду пастанова была абвешчана толькі па-расейску, а ў складзеных пратаколах пра адміністратыўнае парушэнне былі дапушчаны працэсуальныя памылкі.
У выніку разгляду суддзя пакінуў скаргу Алеся Пушкіна без задавальнення.
3 кастрычніка мастак выйдзе на волю пасля арышту.