Судзяць затрыманых у Свіслачы актывістаў (абнаўляецца)
Затрыманыя, якія падазраюцца ў парушэнні адміністратыўнага кодэкса, да суда знаходзіліся ў пастарунку міліцыі. Там карэспандэнтам “Твайго стыля”, якія прыехалі ў Свіслач каб адсачыць сітуацыю, сказалі, што суд мае пачацца каля 10 гадзін раніцы. Аднак, ён пачаўся толькі ў 15.00 – да гэтага часу ў райвыканкаме вырашаліся справы з дакументамі, бо ў Станіславы Гусаковай расійскае грамадзянства.
29.10.2012
15.00 – пачаўся суд, першай судзяць Станіславу Гусакову. Яна кажа, што ёй не рабілі заўваг у час акцыі, не папярэджвалі, таму яна не разумее, чаму па выніку яе затрымалі. Справу разглядае суддзя Аляксандр Шылін.
15.15 – дапытваюць першага сведку – міліцыянта Аляксандра Гуштына.
15.25 – аб’яўлены перапынак – чакаюць сведку Юрыя Садоўскага з Свіслачскага РАУС.
15.45 – аб’яўлены чарговы перапынак, паколькі карыснай інфармацыі ад сведкі здабыць не ўдалося. Суддзя просіць Гусакову, каб тая сама назвала якога-небудзь сведку з ліку тых, хто яе затрымліваў.
16.01 – чарговы перапынак, чакаюць чацвёртага сведку.
16.15 – Алеся Крата выклікалі як сведку.
16.20 – аб’яўлены перапынак, пасля якога будзе паказана відэа знятае супрацоунікамі на акцыі ў суботу.
17.20 – ужо гадзіну праглядаюць аператыўнае відэа.
17.45 – працяг судовага паседжання. Суддзя высвятляе, што ж рабіла Станіслава 27-га кастрычніка і зачытвае пісьмовыя матэрыялы.
17.50 – перапынак. Усе рыхтуюцца выслухаць прысуд.
18.00 – паседжанне суда скончылася. Прысуд не быў абвешчаны. На заўтра (30 кастрычніка) на 9 гадзін былі выпісаны павесткі: прынамсі падазраваныя будуць начаваць не ў ізалятары часовага ўтрымання.
30.10.2012
09.20 – паседжанне па справе Станіславы Гусаковай працягваецца. Суд выклікае яшчэ аднаго сведку – Віталя Лопасава, таксама ўдзельніка мерапрыемства.
09.35 – аб’яўлены перапынак на 20 хвілін.
09.56 – Станіслава Гусакова прысуджана да трох сутак адміністратыўнага арышту згодна з ч.1 арт. 23.34 АК. Тэрмін арышту сканчаецца заўтра ў 10 раніцы.
10.00 – разглядаецца справа Віталя Лопасава. Як і Станіслава, ён сваёй віны не прызнае, кажа што ўдзельнічаў у малебне на могілках.
10.40 – Лопасаў тлумачыць, што прызнаў віну без прымусу з боку міліцыі, бо хацеў, каб яго адпусцілі – ён мусіў адвезці дадому сына. Зараз ён не лічыць сваіх дзеянняў супрацьзаконнымі.
10.42 – дае паказанні ўчорашні сведка, міліцыянер Гуштын.
10.55 – сведкам ізноў выкліканы Алесь Крот. Суддзя, як і ўчора, спрабуе даведацца пра гісторыю бел-чырвона-белага сцяга і пра яго адносіны да паўстання 1863 года.
11.35 – яшчэ адзін учорашні сведка, міліцыянт Садоўскі, кажа, што ў суботу супрацоўнікі адмыслова не папярэджвалі людзей са сцягамі, бо баяліся выклікаць масавыя беспарадкі. Сведчаць таксама іншыя міліцыянеры.
12.20 – Станіслава Гусакова ў якасці сведкі ўзгадвае дакладную дату смерці Канстанціна Каліноўскага
13.00 – чарговы раз праглядаецца відэа, пасля чаго суддзя сыходзіць на абед
14.05 – Віталю Лопасаву прысуджаны штраф 30 базавых велічыняў
14.10 – пачаўся разгляд справы Алеся Крата. Суддзя не спалучыў яго справу са справай Вітольда Ашурка, хаця абставіны і сведкі цалкам супадаюць.
14.55 – у якасці сведкі ізноў выкліканы міліцыянт Гуштын
15.40 – сведчыць Станіслава Гусакова
16.40 – суд глядзіць тое самае відэа ўжо чацверты раз
16.58 – Алесь Крот прысуджаны да трох сутак адміністратыўнага арышту
На здымку: Алесь Крот (злева) і Стася Гусакова (справа) трымаюць сцяг.
Здымак volkovysk.by