Угодкі Каліноўскага са снегам ды затрыманнямі

|

Па словах арганізатараў, гэта падрыхтоўка да шырокага святкавання 150-годдзя паўстання ў наступным годзе, з нагоды чаго створаны адмысловы аргкамітэт.

 

Паломніцтва да Каліноўскага мелася прайсці па традыцыйных мясцінах. Свіслач: магіла Віктара Каліноўскага, помнік Кастусю Каліноўскаму, “Алея герояў” з манументам Рамуальду Траўгуту, апошняму кіраўніку паўстання. Пасля – фальварак Якушоўка, дзе захаваліся падмуркі сядзібы сям’і Каліноўскіх ды ўсталяваны памятны крыж.

Аднак яшчэ ў Свіслачы пачаліся затрыманні: пад удар патрапілі актывісты, якія трымалі нацыянальныя сцягі. Незаўважна для большасці раптам знік гарадзенскі актывіст Віталь Лопасаў, пасля студэнт Алесь Крот ды Станіслава Гусакова (грамадзянка РФ) з Віцебску, сябар Руху “За Свабоду” і партыі БНФ Вітаўт Ашурак з Бярозаўкі. Кагосці наўпрост дасталі з машыны на выездзе з Якушоўкі…

 

Пасля таго, як стала вядома аб затрыманнях, некалькі дзясяткаў чалавек, удзельнікаў ушанавання, адправіліся да Свіслацкага РАУСа. Два падпалкоўнікі запэўнілі натоўп, што актывістаў выпусцяць: “Чым хутчэй разыйдзецеся, тым хутчэй аформім паперы…”

 

У выніку выпусцілі толькі Віталя Лопасава. Ён яшчэ паспеў пад’ехаць на “Паўстанцкае вогнішча” ў Белавежскую пушчу, дзе яго разам з сябрамі чакаў сын.

 

Суд яшчэ над трыма актывістамі, якіх вінавацяць у парушэнні арт. 23.34 АК (удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве) мае адбыцца сёння, 29 кастрычніка. Пакуль яны знаходзяцца пад вартай.

 

Чакаем навінаў са Свіслачы ў бліжэйшы час.

 

Здымкі Яна Лялевіча