Часопісу “ARCHE” патрэбная дапамога
Беларускае тэлебачанне пачало кампанію шальмавання часопіса і яго аўтараў, агучваючы падазрэнні ў “экстрэмізме” і кажучы пра магчымае “скасаванне ліцэнзіі”.
“Arche-Пачатак” – беларускамоўнае інтэлектуальнае выданне еўрапейскага ўзроўню, на старонках якога друкуюцца перадусім навуковыя і навукова-папулярныя тэксты. Гэты часопіс робіць гонар беларускай журналістыцы і ўсёй нацыянальнай культуры.
Заклікаем усіх людзей добрай волі праявіць салідарнасць з “ARCHE”!
Чым Вы можаце дапамагчы?
– Накіраваць ліст у Дэпартамент фінансавых расследаванняў з просьбай разблакаваць рахунак “Arche-Пачатак” і даць часопісу магчымасць трапляць да чытача (Адрас: 220004, г. Мінск, вул. Кальварыйская, 17. Дэпартамент фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржаўнага кантролю РБ, дырэктар Дэпартамента – Вярэмка Рыгор Іванавіч).
– Звярнуцца да кіраўніцтва БТ з патрабаваннем спыніць бяздоказныя публічныя абвінавачанні на адрас часопіса і яго аўтараў (Адрас: 220807, г. Мінск, вул. Макаёнка, 9. Белтэлерадыёкампанія, старшыня – Давыдзька Генадзь Браніслававіч).
– Звярнуцца да Міністэрства інфармацыі з просьбай зрабіць захады па недапушчэнні абмежавання дзейнасці часопіса “Arche” (Адрас: 220004, г. Мінск, пр. Пераможцаў, 11, міністр Праляскоўскі Алег Вітольдавіч).
– Накіраваць ліст у Адміністрацыю Прэзідэнта з выказваннем занепакоенасці сітуацыйяй вакол “Arche-Пачатак” і заклікам паспрыяць захаванню часопіса. (Адрас: 220016, г. Мінск, вул. К. Маркса, 38).
– Даслаць ліст падтрымкі ў саму рэдакцыю часопіса (Адрас: 220053, г. Мінск, вул. Нававіленская, 24-1А, пакой 2П).
Сайт spring96.org прапануе прыкладны змест хадайніцтва:
Паважаны Алег Вітольдавіч,
З праграмы беларускага тэлебачання “Зона Х”я з глыбокім засмучэннем даведаўся (лася), што разглядаецца пытанне аб скасаванні рэгістрацыі штомесячнага часопіса “ARCHE-Пачатак”. Наколькі мне вядома, за апошнія гады Міністэрства інфармацыі не выносіла часопісу аніводнага папярэджання, выкліканага зместам надрукаваных у ім матэрыялаў, таму законных падстаў для ліквідацыі выдання няма. Спыненне ж выхаду часопіса несумненна стане вялікай стратай для беларускай навукі і культуры.
З павагай, (імя, прозвішча).
5 лістапада ва ўсім свеце праводзіцца акцыя «Станем за журналістыку!»
Яна ладзіцца ўжо пяты год запар з ініцыятывы Міжнароднай федэрацыі журналістаў (IFJ) і Еўрапейскай федэрацыі журналістаў (EFJ).
Міжнародныя арганізацыі заклікаюць сваіх партнёраў і калег у гэтыя дні надаць асаблівую ўвагу барацьбе за правы журналістаў, паляпшэнне ўмоваў іх працы, супраць палітычнага і камерцыйнага ціску на прэсу, фізічнага гвалту і г.д. Акцыя «Станем за журналістыку» мае таксама засведчыць ролю журналісцкіх арганізацый у справе павышэння якасці журналістыкі.
ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” як асацыяваны сябра МФЖ і ЕФЖ далучалася да акцыі на працягу ўсіх гадоў яе існавання.
Сённяшняя сітуацыя, на думку арганізацыі, вымагае супольных дзеянняў па двух асноўных накірунках: абарона нашага калегі Андрэя Пачобута, які знаходзіцца пад крымінальным пераследам, і ўратаванне часопіса “Arche-Пачатак”, якому пагражае закрыццё.
Але праблем у беларускай журналістыкі, безумоўна, значна больш. І за нас іх ніхто не вырашыць.
Мы заклікаем усіх сваіх калег далучацца да акцыі, якая не абмяжоўваецца адным днём ці тыднем. Публікуйце матэрыялы, адпраўляйце лісты ў абарону сваіх калег, збірайцеся і абмяркоўвайце, як пастаяць за свае правы.