Казус Чарнякевіча

|

 

“В силу того значения, которое получила присужденная мне награда в обществе, к которому я принадлежу, я должен от нее отказаться. Не сочтите за оскорбление мой добровольный отказ” – гэта словы не былога дацэнта ГрДУ, а Барыса Пастэрнака, аўтара “Доктара Жывага”, за якога ён і быў высунуты на Нобелеўскую прэмію. Кандыдатуру Пастэрнака прасоўвалі Альбер Камю і Джавахарлал Нэру, яны ж і хадайнічалі перад Хрушчовым, калі ў Барыса Леанідавіча пачаліся “праблемы”.

 

Што такое “праблемы” для інтэлігента ў 1958 годзе? Гэта траўля і астракізм з боку калегаў па цэху і ўсяго “прагрэсіўнага грамадства”: “Пастернак получил «тридцать серебреников», для чего использована Нобелевская премия. Он награжден за то, что согласился исполнять роль наживки на ржавом крючке антисоветской пропаганды… Бесславный конец ждёт воскресшего Иуду, доктора Живаго, и его автора, уделом которого будет народное презрение” – так пісала “Литературная газета” у кастрычніку 58-га.

 

Пасля публікацыі на Захадзе верша “Нобелевская премия” ў 1959-м Пастэрнак быў выкліканы да генпракурора СССР Рудэнка, дзе паэту пагражалі артыкулам “здрада Радзіме” Крымінальнага кодэкса СССР. Якія санкцыі ў артыкула? Расстрэл альбо, пры змякчаючых абставінах, 10 год з канфісканцыяй маёмасці. Пастэрнака не пасадзілі – верш быў апублікаваны без яго ведама…

 

 

Да чаго тут дадзеная гістарычная спраўка? Гэта адказ тым, хто бачыць ў былым дацэнце “героя”, з учынку якога варта браць прыклад. Зараз не 1958 год, а ўсё ж такі 2012. Санкцыі мясцовай “губернскай хунты” выклікаюць журбу, а метады – спачуванне.

 

 

Прымаць ці не прымаць нейкі падарунак – справа прыватная, аднак у нашым выпадку быў нанесены ўдар па САЛІДАРНАСЦІ паміж людзьмі, якой і так бракуе сённешняй Беларусі.

 

Гісторыя з “Гродназнаўствам” сталася падзеяй, якая ўскалыхнула людзей, кранула, абурыла. Народ заступіўся за гісторыка, які стаў першай ахвярай ідэолагаў ды гэбэшнай машыны. Збор подпісаў, шалёная папулярнасць кнігі, за якую давалі любыя грошы, у рэшце рэшт прэмія.

 

Прэмія імя Ядкоўскага, якую меў атрымаць Чарнякевіч – не падарунак “з-за бугра” і не палітычная камбінацыя, а праява ўзаемадапамогі ў гэтай краіне, дзе ніхто нікому не патрэбны.

 

Грошы ў дадатак да яе забяспечвала не еўрапейская бюракратыя, а звычайныя гарадзенцы: гісторыкі, студэнты, хто 20 еўра, хто 5. Усе ведалі, на каго скідваюцца. Усе памяталі артыкулы ў ВГ ды кнігі, праз якія кожны адкрываў для сябе горад: праз выбаіны ад куляў на сценах дамоў, праз польскія надпісы на ходніках ды плітцы, праз інтэлігентныя жарты маладога дацэнта падчас экскурсій па Новым Свеце…

 

Подпісы пад зваротам у абарону Чарнякевіча ставілі не толькі гісторыкі ды экс-кандыдаты ў прэзідэнты, але слесары, інжынеры, студэнты. Дастаткова праглядзець спіс, дзе фігуруюць каля паўтысячы прозвішчаў неабыякавых грамадзян. Нехта мажліва ўпершыню адкрыў сваё імя ў атмасферы страху і даносаў, якая пануе ў краіне.

 

Наступным разам у падобнай сітуацыі грошы, канешне, забяспечыць які-небудзь нямецкі інстытут, а подпісы паставяць тыя самыя гісторыкі ды экс-кандыдаты – агулам чалавек 30. Але людзі ўжо не павераць, бо аднойчы апаліліся – іх “герой” іх кінуў, бо быў “вышэй за гэта”.

 

Гісторыя па сваім характары атрымалася вельмі беларуская: народ гатовы і чакае на герояў, а іх няма. Дакладней, ёсць безумоўныя героі: у гродзенскай ці магілёўскай турме, напрыклад. Адлегласць ад гістфаку ГрДУ да гродзенскай “крыткі” ўсяго пару соцен метраў, ад Фарнага касцёла ці будынка ўніяцкай парафіі на Гараднічанскай усё ж такі значна бліжэй…

 

Найлепшым тактычным крокам з боку ўладаў было б цяпер вярнуць Чарнякевічу пасаду пад мінімальныя абавязальніцтвы: “Маўчаць”. Так быў бы створаны прэцэдэнт, які прыводзіўся б у прыклад да канца эры лукашызму.

 

Найлепшым тактычным крокам з боку заснавальнікаў прэміі было б падзяліць яе паміж дэканам Ярмусікам і прафесарам Чарапіцам. Неадкладна заявіць аб завочнай узнагародзе ў СМІ. Гэтым разам падпісаць пад яе кампанію “Гавары Праўду!” ці Рух “За Свабоду”…

 

Так хоць два калабаранты стабільна пазбавіліся б месцаў, а рэшта пачала б задумвацца як “адкупіцца” ад прэміі ў наступным годзе.

 

     
  Меркаванне аўтара можа не супадаць з меркаваннем рэдакцыі  
     

 

 

Алесь Кіркевіч – сталы аглядальнік “Твайго Стыля”

 

Іншае аўтара:

Дзякуй за вашу расейскую мову!

Бег, або як перспектыўны дзяржаўніцкі праект ператварыўся ў павальнае бегства

«Хто мы такія?»