Забаронены горад

|

Часам ствараецца ўражанне, што Гродна існуе хутчэй у якасці міфа, чым рэальнага горада. Для палякаў – гэта міф «Вялікай Польшчы», куды ўкладаюцца яшчэ Вільня ды Львоў – гарады, пра якія дзеці чытаюць у падручніках гісторыі. Для Расеі і яе «васалаў» Гродна – гэта горад патэнцыйнага бунту, куды трэба напхаць пабольш войскаў, даслаць губернатара з эпалетамі, трохвуголкай ды шпагай каля пояса, трымаць «астрог» на галоўнай плошчы – каб «неповадно было».

 

У гарадзенскай турме, дарэчы, увесь час нехта мае сядзець па палітычных матывах: Шарамет, Пачобут, Аўтуховіч, хадзілі чуткі, што сюды меўся патрапіць і нацыяналіст Яўген Васьковіч. У Гродне нельга ставіць помнікаў нацыянальным дзеячам (можна хіба Сталыпіну ў касцюме японскага імператара альбо нейтральнаму купідону каля ЗАГСа). Нельга нічога, бо горад разглядаецца як калонія: тут увесь час чакаюць мяцежа альбо актыўнай падтрымкі «польскай агрэсіі», а гарадскіх кіраўнікоў прызначаюць выключна з Усходу – вядома, не кіраваць, а даглядаць: каб людзі не разбегліся – мяжа побач…

 

Яшчэ вясной гэтага года пракурор Гарадзенскай вобласці Віктар Марозаў заявіў пра тое, што пракуратура разам з падатковай інспекцыяй правядуць маштабную праверку даходаў гарадзенцаў, якія фармальна нідзе не працуюць. Справа ў тым, што з 240 тысяч працаздольных жыхароў абласнога цэнтра працуюць толькі каля 170 тысяч. Восемдзесят тысяч чалавек, амаль кожны трэці працаздольны гарадзенец, не занятыя ў гаспадарцы горада. Калі адкінуць не такі ўжо вялікі адсотак “асацыяльных элементаў” і тых, хто тут толькі прапісаны, а жыве за мяжой або ў сталіцы, то бадай уся рэшта прыйдзецца на асобаў, якія зарабляюць на памежным гандлі з Літвой і, найперш, з Польшчай.

 

Цягнік на Кузніцу – неад’емная частка гарадзенскай рэальнасці

 

Цяжка ўявіць сабе рэальны маштаб нелегальнага таварнага і, адпаведна, грашовага, звароту, але няма сумніву, што менавіта ад яго ў значнай ступені залежыць адносны дабрабыт гарадзенцаў. Вопратка, бытавая тэхніка, хімічныя сродкі, частка харчовых прадуктаў – усё ідзе «адтуль» і шэрай плынню расцякаецца па спажыўцах. Таму байкі аб тэрытарыяльных прэтэнзіях да Беларусі з боку Польшчы, або ўзмацненні вайсковага саюза з Расіяй, каб супрацьстаяць нейкаму міфічнаму ворагу, гарадзенцы ўспрымаюць з непрыхаванай іроніяй. Ваяваць з неабдымным рынкам збыту гарадзенскіх цыгарэт і крыніцай танных джынсаў ды кавы ніхто не збіраецца.

 

Больш за тое, абсалютнай жыццёвай патрэбай для ўсіх з’яўляецца ўвядзенне малога памежнага руху ў 50-кіламетровай памежнай зоне. Гэта дало б магутнейшы штуршок эканоміцы вобласці, але, адначасова, прымусіла б дзяржаўныя прадпрыемствы рэгіёна дзейнічаць у больш жорсткіх канкурэнтных умовах. Цяпер дамова аб памежным руху з Польшчай паспяхова «закапаная» беларускім урадам і логіку Мінска тут нескладана зразумець – мільён заходніх беларусаў, вырваўшыся ў «Ашоны» ды «Кэрфуры», незваротна стане прыхільнікам еўрапейскай інтэграцыі краіны, сучасныя ж палітычныя трэнды цягнуць Мінск зусім у іншы бок.

 

На сённяшні момант Гарадзеншчыне адведзена роля аграрнага прыдатку рэспублікі, а прадукцыі нават лепшых прадпрыемстваў рэгіёну, напрыклад лідскіх аўтобусаў, на вуліцах абласнога цэнтра не ўбачыш – скрозь новыя МАЗы, хаця, здаецца, можна было падтрымаць свайго вытворцу. Апошні міжнародны цягнік праехаў праз Гродна амаль пятнаццаць год таму, усё ідзе праз Брэст, а дабрацца да Беластока можна толькі прыгараднай электрычкай з дзвюма перасадкамі. Цягнік да Брэста ідзе праз дзень, ды і тое праз Лунінец, а “экспрэс” да Мінску цягнецца пяць з паловай гадзін. Усе ВНУ вобласці сканцэнтраваныя толькі ў Гродне. Для параўнання: на Брэстчыне ВНУ ёсць таксама ў Пінску і Баранавічах.

 

Гэтая бесперспектыўнасць вядзе да таго, што вобласць вымірае. Насельніцтва крыху павялічваецца толькі ў Гродне, а ў другім паводле велічыні горадзе вобласці – Лідзе, яно за пятнаццаць год скарацілася са 115 да 96 тысяч чалавек. Некаторыя раёны вобласці, напрыклад Воранаўскі, па памеры заробкаў займаюць у рэспубліканскім рэйтынгу першыя месцы знізу, адразу пасля найбольш закранутых Чарнобылем раёнаў Гомельшчыны. Моладзь разбягаецца: хто ў сталіцу, хто за мяжу. У Польшчу, дарэчы, трапіць на вучобу, а пасля і на жыхарства, не так і складана. Здаеш польскія экзамены і трапляеш у той жа Кракаў на гарантаваную стыпендыю… Штогод мараходныя школы ў Гдыні і Шчэціне без усялякіх экзаменаў набіраюць на вучобу па 70–80 спартовых і здаровых хлопцаў, а гэта цяпер “насельніцтва” цэлай вясковай школы.

 

Чарговы чыноўнік з Усходу – не першы, не апошні…

 

Развіццё турызму – старая-новая «фішка» гарадзенскіх уладаў. Але бадай што адзіным сродкам для гэтага павінна стаць забарона праводзіць экскурсіі па горадзе гідам, якія не атрымалі ў Гродне адмысловага дазволу. Як гэта адаб’ецца на поспехах турыстычнай галіны – вялікая таямніца. Але вось вам дакладны факт: большасць найважнейшых помнікаў архітэктуры абласнога цэнтра знаходзяцца ў далёкім ад ідэалу стане. Прычым дзяржава аніяк не ўдзельнічае ў іх аднаўленні.

 

Гродна – хіба адзіны ў краіне абласны горад, дзе за гады незалежнасці не быў адноўлены ніводзін знакавы аб’ект. Кампанія па “аднаўленні” Каложскай царквы скончылася пабудовай новага парафіяльнага будынка для праваслаўных святароў, грошы на аднаўленне адзінай у рэспубліцы дзеючай лютэранскай кірхі збіраюць у Нямеччыне, сінагога аднаўляецца за прыватныя сродкі, вядома, габрэяў. Затое ў СМІ прайшла інфармацыя пра тое, што гарадзенскія ўлады ініцыявалі стварэнне абласнога музея сельскагаспадарчай тэхнікі. Акурат тое, чаго не хапала каралеўскаму гораду для прыцягнення натоўпаў турыстаў…

 

Апошняя гісторыя з канфіскацыяй падручніка «Гродназнаўства» ды звальненнем Андрэя Чарнякевіча – зусім не выпадковасць, як камусці магло падацца, і не «закручванне гаек перад выбарамі». «Ну, не савецкі ў нас горад, прабачце…» – моўчкі прамаўляеш пра сябе калі гартаеш «апальны» томік. Гэта акурат і кранула сэрцы ідэолагаў ды чэкістаў, бо Гродна для іх –заходні кардон «імперыі», тут мае быць «парадак», выпраныя парцянкі ды пабеленыя бардзюры… усяго толькі.

 

Для некаторых Гродна – гарно ”бунту”, які ўвесь час неабходна душыць

 

Аднак большасць гарадзенцаў не хоча жыць каля «жалезнай заслоны» і, паводле Аляксандра Фядуты, перакананыя, што нават сонца ўзыходзіць на захадзе.

 

Алесь Кіркевіч – сталы аглядальнік “Твайго Стыля”

 

Іншае аўтара:

Ідэальны вораг

Бывай, Паша!..

«Маленькая перамоганосная вайна»

 

 

Фота: vgrodno.by, Rzeczpospolita, Наша Ніва, Еўрарадыё