Фотавыстава ў Гродне прапануе новы погляд на Ізраіль

|

На першай з выставаў кожны жадаючы можа ўбачыць Ізраіль у незвычайным ракурсе: вачыма рэпатрыянтаў, выхадцаў з Расіі, Украіны, Латвіі, Уругвая, Аргенціны, Азербайджана, Англіі, Іспаніі і Малдовы. Другая фотаэкспазіцыя паказвае зямлю Ізраіля з вышыні птушынага палёту: ад снежных вяршынь Галан і зялёных пагоркаў Галілеі да каралавых рыфаў Эйлата, ад Міжземнага мора да Чырвонага, ад бліскучага агнямі 100-гадовага Тэль-Авіва да залатога 3000-гадовага Ерусаліма.

 

Сярод работ ізраільскіх фотамастакоў можна ўбачыць здымкі Ерусаліма, Возера Кінерет, Даліну Шарон, Паўночную Кейсарыю, Квітнеючыя Голаны, Гару Хермон і нават Яфскі порт – адзін з галоўных партоў старажытнага Ізраіля.

 

Работы ізраільскіх фатографаў прадастаўлены Ізраільскім культурным цэнтрам пры Амбасадзе Ізраіля ў Беларусі.

Выставу адкрыў дырэктар Гродзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея Юрый Кітурка:

 

“У тым, што зараз адбываецца ў Ізраілі, удзельнічаюць і людзі, якія выехалі з Савецкага Саюза, у тым ліку і з Беларусі. Як яны бачаць гэтую краіну, вы можаце паглядзець на гэтых выставах. Усё, што тут можна ўбачыць, створана рознымі фотамастакамі: ад прафесіяналаў да аматараў”.

 

У адкрыцці ўдзельнічаў першы сакратар Амбасады Рэспублікі Ізраіль у Беларусі Генадзь Паляшчук. Паводле яго слоў, Ізраільскі культурны цэнтр стала супрацоўнічае з адміністрацыяй горада і аддзелам культуры аблвыканкама.

 

“Выстава «TERRA. ІЗРАІЛЬ новым поглядам” паказвае, што жаданне людзей можа стварыць на той мясцовасці, якая была раней. Бо калісьці на гэтай зямлі былі пустыня і балоты, а зараз край запаведнікаў”.

 

На выставе прысутнічала намесніца начальніка ўпраўлення культуры гродзенскага аблвыканкама Алена Клімовіч, якая распавяла аб арганізацыі выставы:

 

“Былі наладжаны кантакты з пасольствам, яно выйшла на музей, а той падтрымаў ідэю. Арганізавалі абмен інфармацыяй, памеркавалі, што ў гэты зал змесцяцца дзве выставы. Як заўсёды патрабаваліся пэўныя высілкі фізічныя і маральныя, але нельга сказаць, што гэта была складана. Звычайная рабочая выстаўка”.

Выстава будзе працаваць цягам двух тыдняў. Уваходны квіток каштуе ўсяго 1500 рублёў, а для школьнікаў – 1000 рублёў.

 

“Варта паглядзець творы, якія тут прадстаўлены. Ізраіль – краіна вельмі загадкавая, краіна цудаў” – запрашае гарадзенцаў на выставу Алена Віктараўна.

 

Фота аўтаркі