Гродзенская турма чакае Дашкевіча

Дагэтуль было невядома дзе знаходзіцца палітвязень. Пасля чарговага закрытага суду 30 кастрычніка ў мазырскай калоніі ён меў адправіцца па этапе ў “крытую” турму. Аднак афіцыйна не паведамлялася ў якую менавіта: гродзенскую, жодзінскую ці, напрыклад, магілёўскую.

 

У гродзенскай турме на дадзены момант утрымліваецца адзін палітзняволены – прадпрымальнік Мікалай Аўтуховіч. Цягам апошніх двух гадоў туды двойчы трапляў журналіст і сябар праўлення Саюза Палякаў у Беларусі Анджэй Пачобут.

 

Лёс ужо аднойчы звязваў Дашкевіча з Гродна. Пасля школы Зміцер паступіў у Гродзенскі дзяржаўны аграрны ўніверсітэт, але не ўпадабаў ды кінуў вучобу праз пару месяцаў.

 

Нагадаем, лідэр “Маладога Фронту” быў затрыманы 18 снежня 2010 года разам з паплечнікам Эдуардам Лобавым і абвінавачаны ў “нападзе” на двух мінакоў у Мінску. Вынікам стала крымінальная справа па артыкуле “хуліганства” і судовыя выракі: два гады Дашкевічу, чатыры Лобаву. Цягам адсідкі Зміцер атрымаў дадатковы год нібыта за “парушэнні”, а ў выніку апошняга суду ў Мазыры таксама пастанову аб адбыванні рэшты тэрміна ў “крытай” турме замест зоны.

 

Здымак gazetaby.com