Фоталетапіс фэста Каліноўскага ў Свіслачы
Штогадовыя вандроўкі ў Свіслач сталі добрай традыцыяй: магіла Віктара Каліноўскага, помнік Кастусю, “Алея герояў”, дзе Рамуальд Траўгут, апошні кіраўнік паўстання 1863 г., суседнічае са Сталіным, Свіслацкая гімназія, Якушоўка – радавы фальварак Каліноўскіх і нарэшце “Паўстанцкае вогнішча” – неафіцыйная частка на ўскрайку Белавежскай пушчы.
Паэт Славамір Адамовіч
Усё пачалося з раскопак Міхася Ткачова ў Якушоўцы (Свіслацкі р-н) у канцы 80-х. Тады былі выяўленыя падмуркі дому бацькі Каліноўскіх, дзе пасля друкавалася газета “Мужыцкая Праўда”. Тады ж была знойдзеная ўнікальная пячатка з гербам “Калінова”, згубленая пасля пры невысветленых абставінах.
“Капаў акурат наш курс, быў год прыкладна 1987” – дзеліцца ўспамінамі праваабаронца і краязнавец Уладзімір Хільмановіч.
Лунае чорны сцяг легендарнага “Белага Легіёну”
Помнік Кастусю Каліноўскаму ў Свіслачы ўсталяваны яшчэ за савецкім часам. Гэта праца папулярнага скульптара Заіра Азгура. Пазней мясцовы краязнавец Аляксандар Палубінскі знайшоў магілу Віктара Каліноўскага на свіслацкіх могілках.
“Яе аднаўленнем займаліся сябры БСДГ, – працягвае Хільмановіч, – гарадзенцы Зміцер Кісель, Віктар Сазонаў, свіслацкі грамадовец Віктар Трэшчановіч, каваль Юрась Мацко, далучыліся таксама свіслацкія сябры тагачаснага БНФ – адзінага”.
Урэшце 24 кастрычніка 1999 года ў Якушоўцы ў часе Дня памяці паўстанцаў 1863 года адбылося ўрачыстае адкрыццё памятнага крыжа. Сёлета крыж быў адноўлены і наноў асвячаны.
Гарадзенская харугва “Маладога Фронту” Спявае Віктар Шалкевіч
“Я лічу, што сёлета было 19-е адзначэнне, – мяркуе Хільмановіч, – Па-рознаму было: пачынала справу пара чалавек, ну а найбольш было хіба аднаго разу – каля 300 удзельнікаў”.
Са словаў праваабаронцы, сёлетнія затрыманні не ёсць чымсці ўнікальным для Свіслачы. 31 кастрычніка 2004 года за нацыянальную сімволіку былі затрыманыя Віктар Сазонаў, Сяргей Мальчык, Вадзім Саранчукоў. Пазней прысуджаныя да штрафаў – суткі тады ніхто не атрымаў.
Нягледзячы на падпольны характар мерапрыемства і рызыку, не кажучы ўжо пра адсутнасць падтрымкі з боку дзяржавы, мерапрыемства жыве і збірае штогод сваіх прыхільнікаў. Каго тут толькі не было: барды, мастакі, паэты, лідэры партыяў і рухаў, кандыдаты ў прэзідэнты…
Але галоўнае хіба тое, што кожны год нехта бывае ў Свіслачы ўпершыню – каб пасмакаваць гарачай юшкі каля вогнішча, спець пару песняў пад гітару, незважаючы на дождж ці снег, адчуць дух мясцінаў, дзе нараджаюцца героі.