У Гродне ўзгадалі святога мучаніка Язафата Кунцэвіча

|

“У катэдры ёсць такая традыцыя: ва ўспамін святога, алтар якога ёсць у Фарным касцёле, адпраўляюць літургію пры гэтым алтары. Гэтак сёння зранку св. Імша ва ўспамін св. Язафата цэлебравалася ў Фарным касцёле пры ягоным алтары”, – распавёў а. Андрэй Крот.

 

У пропаведзі грэка-каталіцкі святар казаў пра патрэбу еднасці ў касцёле, а таксама распавёў пра асобу і служэнне Язафата Кунцэвіча.

 

Святы Язафат карыстаецца пашанай на Гарадзеншчыне. Ёсць парафіі, дзе асабліва шануецца гэта святы: у Сапоцкіне парафія мае ягонае імя – парафія Унебаўзяцця НПМ і св. Язафата Кунцэвіча, а таксама ў Заневічах – парафія Найсвяцейшага сэрца Пана Езуса і св. Язафата.

 

Св. Язафат Кунцэвіч з’яўляўся грэка-каталіцкім біскупам, які быў замучаны ў Віцебску ў 1623 годзе. У 1643 годзе Полацкі арцыбіскуп Язафат Кунцэвіч быў залічаны Папам Урбанам VIII да спісу святых у ВКЛ і Украіне, а ў чэрвені 1867 года папа Пій IX абвясціў яго святым для ўсяго каталіцкага Касцёла.

 

Мошчы беларускага святамучаніка захоўваюцца ў саборы св. Пятра ў Рыме, каля алтара св. Васіля Вялікага пры паўночна-ўсходнім слупе храма. Папа Рымскі Ян Павал II назваў святамучаніка Язафата Кунцэвіча “Апосталам еднасьці”.