Бяжы, піца, бяжы

| Без катэгорыі

Цяпер можна не толькі замовіць ежу дадому, але і прыйсці на Міцкевіча 2а, у зусім маленькую і даволі мілую кафэшку. Месца вельмі добрае – зусім недалёка ад цэнтра, у Новым Свеце, але ўжо па-за асноўнымі маршрутамі гарадзенцаў і гасцей горада. Калі ўлічыць, што Go-Go накіравана перадусім на дастаўку, дык і наогул можна меркаваць, што гэта будзе адно з самых ціхіх месцаў у Гродне.

На момант напісання матэрыяла ніякіх апазнавальных знакаў ля дзвярэй піцэрыі яшчэ не было

 

Улічваючы тое, што там працуе Wi-Fi, піцэрыя можа стаць для некаторых нават добрым месцам працы. Хаця прымусіць падключыцца да сеткі смартфон аказалася немагчымым.

 

Кідаецца ў вочы, што кошты істотна падскочылі ў параўнанні з мінулым месяцам: у некаторых выпадках нават на 25 тысяч рублёў. Але трэба ўлічыць, што цяпер у цану дакладна ўваходзяць 15 тысяч рублёў, якія раней прыходзілася даплачваць за дастаўку, калі замова была менш чым на 100 тысяч. У сувязі з гэтым, відаць, былі ліквідаваныя і некаторыя акцыі, у тым ліку зніжкі для карыстальнікаў Гродзенскага форуму.

 

У піцэрыі няма піва і алкагольных напояў і, як паведаміў персанал, іх з’яўленне ў меню не плануецца.

 

Нарэшце з’явілася кава, хаця лепш яе не замаўляць і не псаваць сабе настрой – яна зусім нясмачная. Звычайная такая кава з аўтамата, якасцю ніжэй за сярэднюю.

Дэкаратыўныя нішы ў сцяне чымсці нагадваюць рэканструаваны Лідскі замак. А вешалка наогул зусім хатняя

 

Гэты стол нават нагадвае працоўнае месца. Відаць, спосаб прыцягнуць офісных працаўнікоў

 

Інтэр’ер мілы, але пакуль што моцна адчуваецца нядаўні рамонт і навізна памяшкання. Каб гэта месца стала ўтульным, трэба яшчэ пачакаць.

 

Дарэчы, хвароба большасці новых гарадзенскіх кавярняў і бараў не абмінула і Go-Go Pizza: спачатку яна пачалі працу, хаця ў стацыянарнай піцэрыі яшчэ ішоў рамонт, а цяпер яна адчыніліся, не маючы яшчэ нармальных сурвэтак. Не вельмі цешаць і папяровыя картонныя талеркі ды пластыкавыя відэльчыкі-ножыкі: пры такіх невялякіх аб’ёмах, якія піцэрыя плануе мець, можна ўжо было б і купіць нармальны посуд.

 

Да дастаўкі можна мець прэтэнзіі толькі адносна адсутнасці ў іх рэшты і толькі калі верыць карыстальнікам таго ж Гродзенскага форуму. У практыцы два разы нам дастаўлялі піцу прыкладна цягам 45 хвілін, яна была адносна цёплая і даволі смачная. Кіроўца рэшту меў. Праўда, на другі раз піцца прыехала памятая…

 

Для аб’ектыўнасці мы вырашылі выпрабаваць яшчэ аднаго адноснага “навічка” ў дастаўцы піцы: таксі “Карэта”. Піцы яны дастаўляюць з кафэ “Марыё”, кошт любой піцы 60 тысяч. Аднак замовіць у іх не ўдалося: аператарка не змагла назваць памер піцы, колькі прыкладна трэба яе чакаць, а таксама дакладную цану – да яе далічваецца 15 тысяч рублёў за машыну і аплату па таксометру, калі ехаць больш за 4 кіламетры. Таксама ў іх не аказалася ніякай піцы без мяса – на гэтым тэлефонную размову мы скончылі.

 

Варта памятаць, што калі дастаўка ў Go-Go заняла больш за гадзіну, то вы атрымаеце адну піцу бясплатна (але не ўсю замову!). Відаць таму час прыняцця замовы касірам звычайна адрозніваецца ад вашага хвіліны на 3-4. На ўсялякі выпадак.

 

Акрамя звычайнай піцы можна замовіць і “конусную”. З выгляду гэта штосці накшталт ражка марозіва, толькі ўнутры – інгрыдыенты піцы: сыр, шмат маянэза і кетчупа ды якая-небудзь курачка. Па смаку нагадвае чымсці першы беларускі фастфуд з кіёскаў “Хутка-Смачна” – мне пасля першага ўкусу адразу прымроіўся такі кіёск на старой Савецкай плошчы і іхнія незабыўныя хот-догі.

 

Самае смачнае ў меню – блінчыкі. Яны значна лепшыя, чым у “Калабках”, у іх шмат сыру ды іншай начынкі. І яны, у параўнанні з піцай, значна лепей захоўваюць цяпло ў дастаўцы.

 

Асобна хочацца пахваліць актыўную прысутнасць адміністратараў піцэрыі ў інтэрнэце. Але ёсць і адмоўныя бакі. Прагрэсіўная опцыя замовы праз сайт (з канструктарам піцы!) патрабуе рэгістрацыі, што ўжо не вельмі зручна. Таксама можа здарыцца сітуацыя, што, не дачакаўшыся зваротнага званка з піцэрыі, вы даведаецеся, што ў іх кампутары адключаны гук, таму яны… проста не заўважылі новай замовы!

 

І галоўнае. Кошты не самыя нізкія: 50-90 тысяч за сярэднюю піцу (31 см) і 65-115 за вялікую (41 см). Калі прысутнасць мяса не крытычная, варта замовіць вегетарыянскую – яна даволі смачная і да таго ж самая танная.

 

Найбольшая карысць ад з’яўляння Go-Go Pizza – узмацненне канкурэнцыі паміж дастаўшчыкамі піцы і з’яўленне рэальнай альтэрнатывы для Coffee&Pizza, дастаўка ў якіх можа расцягнуцца на доўгія гадзіны. Аднак прыемныя плюсы перамешваюцца з нэрвуючымі недапрацоўкамі і не дазваляюць адназначна пахваліць піцэрыю.

 

Мапа гарадзенскіх кавярняў

 


Глядзець Мапа гарадзенскіх кавярняў, бараў і рэстаранаў на большай мапе