Шакаладка ад студэнта і кансерва ад дзядулі
Цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва папярэдне размясціў у горадзе рэкламу пра тое, што будуць збірацца прадукты: крупы, гарбата, алей і іншае, для сем’яў, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў і якія маюць вялікую патрэбу. 12-15 лістапада валанцёры – студэнты педагагічнага факультэта, прадстаўнікі Свята-Сафійскага праваслаўнага брацтва і хрысціяне з абшчыны “Жывое Слова” – збіралі прадукты ў крамах “Алмі” і “Еўраопт”.
Па словах Ганны Віткоўскай, загадчыцы аддзялення сацыяльнай адаптацыі і рэабілітацыі Цэнтра, людзі вельмі актыўна ўдзельнічалі ў зборы прадуктаў для гэтых сямей:
“Хтосьці прыносіў нейкі адзін прадукт, а хтосьці ўвесь спіс, які мы прапанавалі ў рэкламных лістках. Асабліва кранальнымі былі моманты, калі, напрыклад, старэнькі дзядуля з кіёчкам прынёс банку кансерваў, а студэнт прынёс шакаладны батончык са словамі: “Гэта ўсё, на што ў мяне сёння хапіла грошай”. Некаторыя школьнікі куплялі прадукты за свае кішэнныя грошы. Былі і тыя, хто набываў адразу вялікую колькасць крупаў, алею, мукі, цукру.
Прыносілі слодычы, печыва, цукеркі. Шмат хто пытаў, чаго сабралі найменш, а пасля прыносілі гэтыя прадукты і пакідалі ў кошах у валанцёраў. Былі выпадкі, калі супрацоўнікі суседніх крамаў ці салонаў прыносілі кошыкі прадуктаў ад сваіх калектываў. Некаторыя прасілі інфармацыйныя лісткі і распавядалі пра акцыю ў сябе на працы”.
Шмат хто папярэдне разглядаў стэнд з афішай акцыі і распытваў валанцёраў, хто ладзіць акцыю і каму збіраюць прадукты. Некаторыя рабілі свае прапановы, напрыклад, каб у краме заўсёды стаяў “дабрачынны” кошык для збору прадуктаў людзям у патрэбе. Або для больш масавага ўдзелу прапаноўвалі кожнаму, хто набываў прадукты, даваць налепку з лагатыпам акцыі. Хтосьці казаў, што мае добрае адзенне, каб аддаць.
“Але былі і вельмі раззлаваныя людзі. Праўда, мы не спрачаліся і нікому нічога не даказвалі”, – дадае дзяўчына.
Прадукты неслі людзі рознага ўзросту і статусу: школьнікі, студэнты, працуючая моладзь, людзі сярэдняга ўзросту, сталыя людзі.
Акцыя яшчэ не скончылася, але ўжо бачна, што больш прадуктаў сабралі ў “Алмі”. Колькі сем’ям арганізатары плануюць дапамагчы?
“Мы не зможам дапамагчы ўсім. Арыентаваліся ад пачатку на сем’і, якія знаходзяцца ў найбольшай патрэбе, – тлумачыць Ганна. – Па папярэдніх разліках на кожную сям’ю складзем прадуктовы кошык кілаграм на 10. А можа, атрымаецца больш. Мяркуем, што дапаможам 50 сем’ям, але па выніках акцыі, магчыма, атрымаецца дапамагчы і большай колькасці. Пакуль магу сказаць, што сабралі як мінумум 10 вялікіх гандлёвых калясак”.
Каб упэўніцца ў адраснасці акцыі, Ганна запрашае ахвотных дапамагчы развесці сабраныя прадукты:
“Гэтую акцыю мы прымеркавалі да 3 снежня – Міжнароднага дня інвалідаў. Вось у той дзень і перадамо прадукты, якія сабралі. Штосьці развязем па сем’ях на нашым транспарце – бачылі сінюю “Газель” з надпісам “Социальная служба”? Дапамогуць таксама валанцёры. Калі хто мае жаданне паўдзельнічаць у гэтым працэсе – запрашаем”.
Ідэя такой дабрачыннай акцыі прыйшла з неабходнасці, расказвае дзяўчына:
“Сем’і, якія выхоўваюць дзіця з абмежаванымі магчымасцямі, часта няпоўныя, бо таты такога цяжару не вытрымліваюць і сыходзяць. Заробку ці дапамогі па інваліднасці часта не хапае, бо хвароба патрабуе лекаў, сродкаў гігіены. Аднойчы да мяне прыйшоў адзін вернік і параіў правесці такую акцыю, з гэтага ўсё і пачалося”.
Ганна кажа, што з дапамогай гарадзенскіх фірм і асобных супрацоўнікаў удалося бясплатна зрабіць усю промапрадукцыю:
“Гэты прыклад моцна натхняе, таму будзем планаваць дабрачынныя акцыі і надалей”.
Здымкі Яна Лялевіча