Сяргей Астравец: “Перадаць пачуцці чалавека, які памятае гісторыю, але жыве сучаснасцю”

Нешматлюдная сустрэча вызначалася вельмі прыемнай, сяброўскай атмасферай. Аўтар коратка расказаў пра кнігу ды зачытаў некаторыя фрагменты з апавядання “Мармур не смяецца”, якім кніга распачынаецца. Усяго ў ёй 13 апавяданняў, якія пісаліся цягам 2001-2009 гадоў. Толькі пяць з іх друкаваліся раней.

Як патлумачыў аўтар, выданне папяровай кнігі каштоўнае, а інтэрнэт-бібліятэка “Камунікат” акурат прапанавала яму змясціць творы ў інтэрнэце. У выніку яна выйшла яшчэ і на CD. Акрамя стандартнага pdf там яна ёсць і ў папулярных фарматах epub, fb2, mobi ды іншых, таму кнігу зручна будзе чытаць і з мабільных прылад.

 

Аўтар прадмовы да кнігі, Аляксей Пяткевіч, называе творчасць Сяргея Астраўца “ўзорам сучаснай інтэлектуальнай прозы” да заўважае, што аўтар – аматар “сумяшчаць несумяшчальнае”. Нельга не пагадзіцца з такімі трапнымі словамі: заўважаеш гэтыя рысы, нават калі азнаёмішся адно толькі з першым апавяданнем са зборніка.

Аўтарскае чытанне фрагмента апавядання “Мармур не смяецца”. У ім, што для аўтара тыпова, перамешваюцца часы і месцы, але цэнтральным застаецца вобраз горада і асоба караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага.

 

Здымкі Яна Лялевіча