Гарадзенскія студэнты праігнаравалі семінар па самакіраванні
“Грамадзянскі форум”, які выступіў арганізатарам мерапрыемства, сабраў студэнцкіх лідараў з Мінска, Брэста і Гомеля. Семінар ладзілі менавіта ў Гродне, каб прыцягнуць больш увагі з боку гарадзенскіх студэнтаў. Але гарадзенцы не адгукнуліся. Усяго было пададзена тры (!) заяўкі, а ў выніку – ні аднаго ўдзельніка. Два патэнцыйныя слухачы адмовіліся да пачатку семінара. Яшчэ адна дзяўчына з Гродна з’явілася на першым дні, але далей, па словах арганізатараў, па нейкіх асабістых абставінах не змагла прысутнічаць.
Арганізатары планавалі зладзіць міжнародны семінар і ён адбыўся, але ў крыху незвычайнай форме: міжнародныя блокі былі ў выглядзе скайп-канферэнцыі.
Карэспандэнтка “Твайго стыля” паразмаўляла з прадстаўнікамі “Грамадзянскага форуму” пра развіццё студэнцкага самакіравання ў Беларусі.
Настасся Філіпенка, Гомель:
“Адна з галоўных праблем у развіцці студэнцкага самакіравання ў беларускіх ВНУ – дрэнная інфармаванасць. Большасць студэнтаў нават не ведае сваіх правоў, яны не разумеюць, што могуць і да чаго можна імкнуцца. Дзякуючы такім семінарам мы запрашаем актыўных лідараў універсітэтаў і праз іх распаўсюджваем інфармацыю далей, таксама падключаем сацыяльныя сеткі”.
Аляксандр Луцэвіч, Мінск:
“Не заўсёды можна знайсці агульную мову з адміністрацыяй універсітэта. Студэнты глядзяць па новаму, бо яны – новае пакаленне. Часта ў адміністрацыі пануюць састарэлыя стэрэатыпы, неабгрунтаваны страх перад новым.
Самая распаўсюджана праблема – фінансавая, тут нават можна не каментаваць”.
Як студэнтам наладзіць самакіраванне ва ўніверсітэце з нуля?
Настасся: “Павінна быць ініцыятыва і аднадумцы. Калі з’яўляецца каманда, можна ісці ў дэканат свайго факультэта і выказаць жаданне арганізаваць студэнцкую раду. Там распавесці, чым хочаце займацца і якія плюсы ад гэтага будуць у адміністрацыі”.
Кажуць, што ў сучасных палітычных умовах студэнцкае самакіраванне не можа развівацца?
Аляксандр Луцэвіч: “Можа. Мы робім стаўку на ўжо сфармаваных студэнтаў-лідараў, якія займаюць пасады ў структурах самакіравання. Яны ўзначальваюць студрады, прафбюро і знізу падштурхоўваюць гэты пласт. Канешне, мы не можам наўпрост прабіцца ў міністэрства адукацыі, аднак мы рухаемся знізу і дастаткова эфектыўна”.
Якія беларускія ВНУ самыя прасунутыя ў плане самакіравання?
Аляксандр: БДУ, Беларускі Дзяржаўны Эканамічны Універсітэт, Гомельскі і Брэсцкі ўніверсітэты. Возьмем у якасці прыклада БДУ: у іх ёсць рада па якасці адукацыі, яны займаюцца вучэбнымі пытаннямі, там студэнты маюць права ўносіць прапановы па ўдасканаленні вучэбнага плана. Ёсць студэнцкая рада інтэрнатаў, яны займаюцца побытам, разглядаюць акты па правапарушэннях, ёсць урэшце студэнцкі саюз, ён з’яўляецца грамадскім аб’яднаннем, але зараз больш сканцэнтраваўся на культурна-масавай дзейнасці.
Здымкі civilforum.eu