“Людзі на балоце” прэзентавалі дэбютны альбом у родным горадзе

|

“Мы пераследвалі дзве мэты, – зазначыў Алесь Дзянісаў, вакаліст гурта, – прэзентацыя альбома ў родным горадзе і каб нашыя сябры гралі з намі на адной сцэне”.

 

Праграма, прысвечаная антыбальшавіцкім паўстанням 1918-1921 гадоў, была ўжо не раз прадстаўлена цягам году: на Halfway Festival у Беластоку, на фестывалі Пікнік.by каля Валожына і ў Мінскім Loft cafe – там і быў упешыню прэзентаваны менавіта сам дыск.

 

Гарадзенская прэзентацыя сабрала поўную Малую залу драмтэатра – за 35 хвілін да пачатку ў касе заставалася ўсяго 5 квіткоў. Публіка сабралася разнастайная: моладзь, людзі сярэдняга ўзросту і старэйшага веку, сем’і з малымі дзецьмі, чуваць было беларускую і расейскую мовы. Было відаць, што гледачы паміж сабой добра знаёмыя.

Алесь Дзянісаў перад канцэртам выйшаў у фае, прывітаўся з многімі сябрамі, цёпла абняў маці, якая таксама прыйшла на прэзентацыю. Музыкі наогул спакойна хадзілі ля гардэроба, паміж імі і публікай не было ніякай мяжы.

 

Перкусіяніст “Людзей…” Аляксандр Рацько, які выконваў ролю вядучага, некалькі разоў дзякаваў Тэатру лялек за тое, што канцэрт мог адбыцца. Фактычна, ён стаў адным з мерапрыемстваў Тэатра лялек, які працуе пакуль што на Малой сцэне Драматычнага тэатра.

Канцэрт распачаўся дэбютам нядаўна ўтворанага гурта “Вочы” – беларускамоўнага праекта Юрыя Дубовіка (гурт “Воображаемые люди”). Яны выканалі некалькі песняў у фольк-рокавым стылі. “Малайцы!” – прагучала з залы ўслед музыкам.

 

Наступным на сцэне з’явіўся Іван Пачывалаў, які ўдала ўпісаўся ў фармат вечара са сваім рускамоўным рэпертуарам. У песні пра Валянціну Церашкову (“Снега домело до форточки”) ён заспяваў фальцэтам, давёў слухачоў да смеху сваім досціпам, не дазволіў ім расслабіцца падчас энэргічных, насычаных словамі і зместам песняў, нагнаў суму і самоты спевам пра Армстронга (“Родным і блізкім Армстронга”). “А мне падабаецца… Мне – падабаецца, – паўтарыў нягучна мужчына ў зале год сарака пяці, – і тэксты ў яго добрыя…”

Полацкі фольк-дуэт “Кажаны”, з якім “ЛнБ” пазнаёміліся падчас выцечкі на роварах, выканаў традыцыйныя беларускія, польскія і ўкраінскія песні. Яны прымушалі залу то зажурыцца ад песняў пра няўдалае каханне, то павесяліцца ваярскімі. Найбольш распаліла публіку польская “Hej, sokoły”, якую падхапілі амаль усе, а таксама народныя песні “Пра яўрэйку” і “Кура-шчабятура”, якія апошнім часам выконвае “Крамбамбуля”.

 

Пасля гасцей вечара нарэшце сцэну занялі “Людзі на балоце”. Амаль усе песні з першага альбома створаны Алесем Дзянісавым, толькі “Зброя” напісаная гарадзенскім журналістам Анджэем Пачобутам. Гучалі і ваяўнічыя, радыкальныя песні (“Пойдзем, хлопцы, на вайну”), якія заклікалі да паўстання, і кранальныя, праніклівыя песні, як “Размова з маці”. Алесь патлумачыў, што ён імкнуўся адлюстраваць у творы тое, як магла б праважаць яго на вайну ўласная маці. Акрамя дэбютнага альбома, гурт прадставіў творы з новай праграмы на вершы гарадзенкі Дануты Бічэль і падляшскай паэткі Марыі Базылюк-Саснюк. Другі альбом “Людзі” хочуць зрабіць лірычным – пра веру, любоў, каханне.

“Заўсёды спадзяемся на тое, што дабро пераможа”, – сказаў Алесь напрыканцы канцэрта.

 

Здымкі Яна Лялевіча