Велаактывісты Беларусі ізноў сустрэліся ў Гродне

| Без катэгорыі

За два дні ўдзельнікамі зарэгістравалася агулам каля 60 чалавек, гэта ў некалькі разоў больш у параўнанні з першым форумам. У гэтым годзе з’мяніўся фармат, на мерапрыемства мог прыехаць любы жадаючы.

Юля Інышава, удзельніца з Мінска:

“Мерапрыемства класнае і карыснае. Дзякуючы форуму я набыла імпульс да дзеянняў. У Мінску ёсць велабан, на праспекте Незалежнасці намалявалі веладарожку, але высокія бардзюры як былі, так і засталіся. Калі будуюць або рэканструююць дарогі, нізкія бардзюры не ставяць. Работы шмат”.

У першы дзень адбыліся прэзентацыі ініцыятыўных груп. Прадстаўнікі рэгіёнаў казалі пра стан і планы развіцця велаінфраструктуры ў рэгіёнах Беларусі. У перапынках механік Іван Найдзёнаў расказваў і паказваў, як правільна даглядаць ровар і як закансерваваць яго на зіму. Вялікую цікавасць выклікалі тэматычныя прэзентацыі: “беларус амерыканскага паходжання” Джон Росэман казаў, што аўтамабільны транспарт у Беларусі фактычна атрымлівае субсідыі, Сяргей Каляда з турыстычна-спартовага саюза расказваў пра планы будовы веласцежак у Гродне і ваколіцах, а журналіст Вітаўт Парфёненка тлумачыў, як уводзіць у веларух краязнаўчыя элементы.

Другі дзень раварысты ў групах абмяркоўвалі шляхі вырашэння сваіх праблем. На вялікай дошцы ўдзельнікі форума пералічылі шмат дзеянняў, якія дапамогуць развіццю велаінфаструктуры: змены ў правілах дарожнага руху, іміджавыя кампаніі, распрацоўка гарадскіх турыстычных маршрутаў, развіццё веласэрвісу і іншыя. Потым спіс рэалістычна скарацілі да двух пунктаў – распрацоўкі гарадскіх турыстычных веламаршрутаў і стварэння пазітыўнага вобразу ровара.

Актывісты расклалі стварэнне турыстычных маршрутаў на часткі, без якіх не абысціся: гэта мапа маршрутаў, веладарожкі, пракат ровараў і наяўнасць экспертаў-экскурсаводаў. Вобраз ровара і роварыста ў грамадстве павінны палепшыць сацыяльныя відэаролікі і мерапрыемстваў кшталту “Дня без аўтамабіля”, адкрыцця і закрыцця сезону.

 

Юля Каляда, арганізатарка форуму:

“З дапамогай велафоруму мы хочам падштурхнуць людзей да больш актыўных і згуртаваных дзеяняў. Праблемы ў асноўным у нас аднолькавыя і вакол некаторых трэба аб’ядноўвацца”.