Дзень барацьбы са СНІДам: “Пазмагаліся і разышліся”
У чэрвені 2012 года на прэс-канферэнцыі загадчык сектара наркалагічнага маніторынгу Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра псіхічнага здароўя Аляксей Кралько заявіў, што паўнавартасная дапамога людзям з наркатычнай залежнасцю аказваецца толькі ў рэабілітацыйных цэнтрах.
align=”left” >
Наколькі запатрабаваным сярод нарказалежных з’яўляецца рэабілітацыйнае лячэнне, распавядае загадчыца аддзялення для лячэння і рэабілітацыі асоб, якія пакутуюць ад залежнасцяў Гродзенскага абласнога клінічнага цэнтра “Псіхіятрыя-наркалогія” Таццяна Буднік:
“У нас у аддзяленні за год ВІЧ-інфікаваных наркаманаў было чалавек 10. На рэабілітацыю ўжо прыходзяць людзі, якія хочуць выйсці з залежнасцяў, якія хочуць адмовіцца ад наркотыкаў. Бываюць людзі з Мінска ці з іншых абласцей, з Расіі і Украіны”.
Рэабілітацыйны курс складае 28 дзён. Для людзей, якія стаяць на ўліку ў Гродзенскай вобласці, лячэнне бясплатнае. Калі чалавек на ўліку не стаіць ці не з Гродзенскай вобласці, лечыцца платна.
Многіх прыезджых матывуе той фактар, што тут знайсці наркотыкі цяжэй. У родным горадзе заўсёды ёсць спакуса купіць новую дозу. Таму многія імкнуцца з’ехаць далей ад знаёмай тэрыторыі.
Праграмы рэабілітацыі для ўсіх аднолькавыя. ВІЧ-станоўчыя людзі часта не афішуюць сваю хваробу. Па заканадаўстве пацыенту дазволена не паведамляць гэтую інфармацыю, аднак па ўласным жаданні ён можа расказаць пра гэта ўрачу.
За час працы Таццяны Аляксандраўны ніводны ВІЧ-інфікаваны пацыент за ўвесь курс рэабілітацыі не раскрыўся перад астатнімі ў аддзяленні і палаце:
“Соцыум так напалохаў людзей, што людзі баяцца казаць пра ВІЧ адкрыта. Прынята крычаць: СНІД – гэта страшна, але пры гэтым ніхто не кажа, што гепатыт С – гэта страшна. Хоць працэнт захворвання, выжывальнасці і наступстваў аднолькавы”.
У Беларусі для лячэння ВІЧ-інфікаваных прымяняецца антырэтравірусная (АРВ) тэрапія. АРВ-тэрапія дае магчымасць палепшыць прагноз плыні захворвання і павысіць якасць жыцця людзей, якія жывуць з ВІЧ. У рамках гранта Глабальнага фонду для барацьбы са СНІДам, туберкулёзам і малярыяй на 2010-2014 гады выдзелена каля 24 мільёна еўра. У Беларусі расходы на антырэтравірусную тэрапію на аднаго ВІЧ-інфікаванага ў год складаюць ад 500 даляраў.
“Ёсць такі міф, што ВІЧ-інфікаваны жыве 5 гадоў. Нічога падобнага. Пры антырэтравіруснай тэрапіі чалавек можа пражыць 20-30 гадоў пры ўмове рэгулярна прыёму медыкаментаў і захаванні рэжыму”.
Антырэтравірусная тэрапія пажыццёвая. Калі раней трэба было прымаць 30 таблетак у дзень, то цяпер – не больш за 3-6.
У выпадку залежнасці ад наркотыкаў у чалавека зніжаюцца ахоўныя функцыі арганізма і ён у пагоні за наркотыкам не кантралюе сітуацыю.
“Напрыклад, у хлопца на вакзале ў Празе пачалася ломка і не было чым укалоцца. Ён расказваў, што купляў выкарыстаны шпрыц у нейкай цыганкі. Казаў, што галавой разумеў, да чаго гэта можа прывесці, але ломка была мацней розуму”.
Таксама ўрач-нарколаг адзначае вельмі важную ролю сям’і ў працэсе лячэння і рэабілітацыі. Паводле яе слоў, сваякам таксама патрэбныя групы падтрымкі.
“Я сутыкаюся з каласальнай няграматнасцю ў галіне наркаманіі і ВІЧ-інфекцыі. Часта да нас прыходзяць сваякі і просяць зрабіць хоць што-небудзь.
Напрыклад, дзіця колецца пяць гадоў. Мы пытаемся: што вы зрабілі за гэты час, што ведаеце пра наркаманію, а ў адказ чуем маўчанне. Чалавек за пяць год не адкрыў кніжку, не пашукаў у інтэрнэце. Максімум могуць да бабак-варажбітак схадзіць або ў царкву. А вось каб звярнуцца да лекараў, каб самому неяк змяняць паводзіны. Залежнасць – гэта хвароба ўсёй сям’і. І каб змянілася ваша дзіця, трэба разумець, што вам давядзецца мяняцца ўсім”.
Першым крокам да падтрымання здаровага ладу жыцця, стварэння камфортнай абстаноўкі для сябе і сваіх блізкіх, для чалавека павінен быць аналіз на ВІЧ-інфекцыю.
Яго можна здаць у любой лякарні Беларусі на ўмовах ананімнасці. Калі ў медыцынскай установе ёсць працэдурны кабінет, яна абавязана прыняць яго бясплатна.
У лабараторыі Санітарна-эпідэміялагічнай службы першымі даведаюцца, калі вынік станоўчы. Чалавека адшукаюць, паведамяць вынік і прапануюць раскрыць ананімнасць, каб прасачыць ланцужок інфікавання. Пры гэтым чалавек мае права адмовіцца.
“Кожны чалавек думае: “я прыстойны, са мной такога не адбудзецца”. Хай кожны прыстойны сам сабе адкажа, ці быў у яго хоць раз у жыцці неабаронены сэкс. Хаця б на гэтым узроўні. І я думаю, што 90% не змогуць даць адмоўнага адказу. Мы можам пракантраляваць сябе, але не можам пракантраляваць іншага чалавека. На слове СНІД людзі спыняюцца і нават не слухаюць далей, таму што лічаць сябе не ў зоне рызыкі. Але гэта датычыць кожнага, бо СНІД можа быць дзе заўгодна”.
Калі людзі даведаюцца аб ВІЧ-дыягназе, гэта цяжка перажыць, цяжка прыняць тое, што цяпер трэба жыць з невылечнай хваробай.
“У нас быў эпізод, калі мы выстаўлялі ВІЧ-станоўчы вынік. Мы арганізавалі працу з псіхолагам, далі інфармацыю аб сацыяльных службах, каб чалавек не згубіўся ў грамадстве. У многіх рэабілітацыйных цэнтрах працуюць залежныя, тыя што вылечваюцца і ВІЧ-станоўчыя людзі, якім дапамагаюць сацыялізавацца.
Калі чалавек прыходзіць туды з ВІЧ-статусам, бачыць такіх жа канкрэтных людзей, разумее, што яны звычайныя, што яны не ўжываюць наркотыкі. І няма такога страху, што соцыум адвярнуўся, і ты са сваёй бядой застаўся адзін.
Я ведаю залежных людзей, у якіх не атрымалася вылечыцца. Яны едуць у іншыя цэнтры, шукаюць іншыя спосабы лячэння. Галоўнае не спыняцца, а шукаць, шукаць, шукаць”.
На пытанне аб тым, чаму нягледзячы на прапаганду здаровага ладу жыцця, барацьбы са СНІДам, агітацыйнай працы супраць наркотыкаў, у Беларусі статыстыка паказвае рост ВІЧ-інфікаваных, урач-нарколаг адказала:
“Трэба мяняць падыход. Вось 1 снежня – дзень барацьбы са СНІДам. І што? Пазмагаліся і разышліся. Трэба мяняць праграмы, ламаць стэрэатыпы. Трэба ўводзіць сацыяльна-трэнінгавыя сістэмы для моладзі на ўзроўні гульняў. І гэта павінны быць не проста лекцыі ад трэцяй асобы. Трэба пражыць, прайграць сітуацыі. Вось што чапляе”.
Здымак worldaidsday.org