Якія будоўлі чакае Гродна?

|

1. Былы Палац культуры хімікаў. Пасля рэканструкцыі Гродзенскай абласной філармоніі канцэртная зала павялічыцца да 1200 месцаў, у будынку з’явяцца кафэ, рэстаран і ліфты для інвалідаў. Непрацуючы і закінуты фантан побач з філармоніяй адрэстаўруюць. Калісці, дарэчы, ён быў светламузычным і суперсучасным. А пакуль будынак стаіць “выпатрашаны”, унутры актыўна перабудоўваецца канцэртная зала.

Візуалізацыя таго, як будзе выглядаць новая філармонія

2. Будынак па праспекце Касманаўтаў, ля кінатэатра “Усход”. Спачатку ў ім планавалася пабудаваць Дом культуры будаўнікоў, потом абласную філармонію. Аднак старшыня аблвыканкама Сямён Шапіра паведаміў, што ў 2013 годзе плануецца аддаць будынак моладзі і зрабіць у ім другі маладзёжны цэнтр. Тут будзе размешчаны рэстаран, дысказалы, боўлінг і салон прыгажосці. На рэканструкцыю накіравана каля 50 міліярдаў рублёў. Аб’ект у будучыні стане самым вялікім моладзевым цэнтрам у краіне.

Будаўніцтва, пасля таго як аб’ектам зацікавіўся старшыня аблвыканкама, пайшло ў нябачаным раней тэмпе. А першы “моладзевы цэнтр”, адкрыты ўжо тры месяцы таму ў былым кінатэатры “Гродна”, усё яшчэ не распачаў рэгулярнай працы – маладыя супрацоўнікі вучацца сваім абавязкам, вырашаюцца таксама пытанні фармальнага характару.

 

3. Былы палац культуры тэкстыльшчыкаў можа стаць Домам культуры, адпачынку і вольнага часу. Плануецца, што рэканструкцыя пачнецца пасля завяршэння другога моладзевага цэнтра і будынка абласной філармоніі. То бок, яшчэ вельмі не хутка. Там мае з’явіцца інфармацыйны цэнтр, сувенірная крама, зала для турыстаў, зала для дзелавых сустрэч і прэзентацый, фота-і відэастудыі, пакой для гуказапісаў, студыя харэаграфіі.

 

4. Першы студэнцкі гарадок у Гродне на вуліцы Дубко. Пакуль невядома, калі пачнецца будоўля, бо на месцы меркаванага будаўніцтва знаходзіцца прамыслова-камунальная зона. На тэрыторыі памерам 8,6 гектара плануецца пабудаць галоўны корпус універсітэта, дзе размесцяцца адміністрацыйныя памяшканні, рэктарат, канферэнц-залы, буфет і зімовы сад. На даху будынка можа з’явіцца тэлескоп.

Дарэчы, гэта не адзіны праект студгарадка: першы быў распрацаваны яшчэ ў 1980-ых. Згодна з ім, “горад у горадзе” меў знаходзіцца на вуліцы Вясенняй, там дзе зараз паркоўка.

 

5. Пустуючыя ваенныя гарадкі. На месцы часткі на вуліцы Лідскай плануюць пабудаваць Гарадскі цэнтр спорту. Цяпер сканчаюць узвядзенне крытай пляцоўкі для тэніса ў былой спартовай зале. Таксама тут з’явіцца яшчэ 8 кортаў, з іх 4 крытых. З казармаў зробяць залы адзінаборстваў, а на былым пляц пабудуюць лёгкаатлетычны стадыён. Тэрміны ўзвядзення аб’ектаў пакуль не вызначаны.

Магчымы план перабудовы часткі на вуліцы Лідскай

 

Частка на Фолюшы

 

Вайсковая частка на Фолюшы таксама можа ператварыцца ў спартовы комплекс з заламі для баскетбола, валейбола і тэніса. Пасля праліку астаткавага кошту аб’ектаў вайскоўцы абяцалі перадаць дакументы ў Міністэрства абароны ў Мінск для падрыхтоўкі ўказа, у якім будуць прапісаныя тэрміны перадачы будынкаў на баланс горада. Да таго часу невайскоўцу нельга нават увайсці на тэрыторыю. Тэарэтычна. На практыцы там ходзіць хто захоча і калі захоча.

 

6. Гарадзенскі піўзавод. СТАА “Экапромэнэрга” мае намер рэканструяваць аб’ект і адкрыць тут гасцініцу, рэстаран, музей піва і міні-бровар. Ёсць планы арандаваць частку набярэжнай Нёмана і арганізаваць пракат лодак. Рэканструкцыя зможа распачацца пасля таго, як прадпрыемства пералічыць ўсю суму абавязацельстваў па дамове, а гэта больш за 3 мільярды рублёў.

 

Піўзавод фактычна стаяў без гаспадара з 2007 года. Зацікаўлены інвестар з’явіўся ў канцы лета гэтага года, толькі пасля таго, як кошт бровара на аўцыёне істотна знізілі.

 

7. Гарналыжны комплекс недалёка ад аграсядзібы “Гарадзенскі маёнтак “Каробчыцы”. На трасах будуць працаваць два пад’ёмнікі і чатыры снежныя гарматы. Гарналыжны комплекс будзе ўключаць у сябе таксама гару для сноўбардыстаў і трасу для санак. На тэрыторыі мае быць таксама шпацырная лыжаролерная трасу, пляцоўка для пейнтбола і ўчастак для язды на квадрацыклах. Паведамляецца, что першых наведвальнікаў комплекс прыме не раней, як праз два гады. Да таго часу бліжэйшым гарналыжным комплексам застаецца крытая траса ў Друскеніках. Але туды патрэбная віза.

Комплекс ля Каробчыц, пакуль што ў 2D

 

8. Станцыя пералівання крыві ў мікрараёне Вішнявец. Будаўніцтвам займаецца СУ-188 ААТ “Гроднапрамбуд”. У снежні 2012 года аб’ект па плане павінен быць ўведзены ў строй. Будынак, спраектаваны яшчэ ў канцы 80-ых і закінуты ў сярэдзіце 90-ых доўгі час быў месцам небяспечных забаваў для школьнікаў і добрым палігонам для пэйнтбола.

 

9. Адна з самых удалых будоўляў, з якой фактычна не было праблем і затрымак – лазнева-аздараўленчы комплекс у мікрараёне Вішнявец. Адкрыццё запланавана на канец гэтага года. У лазні створаны ўмовы для інвалідаў-калясачнікаў. Таксама адкрыюць буфет, цырульню і медыцынскі пункт. З закрыццём бані на вуліцы Цітова, новы комплекс можа стаць вельмі запатрабаваным.

 

10. Гандлёвыя цэнтры – самыя папулярныя, побач з гасцініцамі, аб’екты інвестыцыйных планаў у Гродне.

Гіпермаркет “Карона” на тэрыторыі былога ваеннага гарадка па вуліцы Перамогі, на месцы імперскіх казармаў. Праект гіпермаркета можа не рэалізавацца з-за таго, што горадабудаўнічая палітыка раптам стала прадугледжваць пабудову буйных гандлёвых аб’ектаў на ўскраінах Гродна. Абаронцаў архітэктурнай спадчыны гэта мусіць цешыць, бо старыя вайсковыя казармы былі пад пагрозай зносу.

 

Тая ж доля можа чакаць і замежнага інвестара “Трыніці Інвест”, які не змог пачаць будаўніцтва гандлёвага цэнтра каля гарадской бальніцы № 4. Прадпрыемствам быў заключаны дагавор з аблвыканкамам, дзе прадугледжаны тэрмін вядзення будаўнічых работ да 2015 года. Тэрмін рэалізацыі першай чаргі – да сакавіка 2013 года. Паводле дагавора да гэтага тэрміну павінны быць пабудаваны гіпермаркет, аўтастаянка, гандлёвая галерэя і кафэ. Але да сёння працы не распачатыя.

 

Участак з правам арэнды быў куплены ў 2007 годзе за 7,1 мільардаў рублёў, якія паступілі ў бюджэт і не падлягаюць вяртанню. Па праекце трохузроўневы гандлёвы цэнтр з лядовым катком і мультыплексам (пяць кіназалаў!) плошчай 72 000 м.кв. павінен заняць тэрыторыю ў 10,48 гектара. Былое рапсавае поле аказалася самым дарагім месцам для самага вялікага гіпермаркета ў Беларусі.

 

Найноўшая інвестыцыя ў гандлі – гіпермаркет і паркінг на Цэнтральным рынку. Распрацоўваецца праект па будаўніцтве двухузроўневую паркінга з надбудовай на ніжняй пляцоўцы рынку. На першым паверсе новага будынка плануецца размясціць гіпермаркет. На другім паверсе будуць гандлёвыя шэрагі прадпрымальнікаў.

 

Здымкі эскізаў-праектаў – Ян Лялевіч, Сяргей Апановіч