Юлія Дарашкевіч: Мару, калі беларусы возьмуць урэшце прыз World Press Photo
На думку арганізатараў, яна і апошняя: больш памяшканняў, дзе можна выставіць неадцэнзураваную выставу “Прэс-фота Беларусі”, у краіне можна і не знайсці.
Выставу прывезлі яе нязменныя арганізатары Юлія Дарашкевіч і Вадзім Заміроўскі. Таксама на адкрыцці прысутнічаў пераможца сёлетняга “Прэс-фота Беларусі” Аляксандр Васюковіч (на здымку ніжэй).
Каб паказаць роднаму гораду здымкі пераможцаў, Юліі давялося панервавацца. Да апошняга было невядома, ці ўдасца прывезці здымкі з Вільні. Да таго ж час адкрыцця выставы ў залі па вул. Будзёнага 48а супаў з сустрэчай дзеячаў неафіцыйнага Саюза палякаў на Беларусі, які таксама карыстаецца памяшканнем. Затое ў выніку, як прызналася Юлія, выстава “Прэс-фота Беларусі” яшчэ не мела такой колькасці гледачоў – пасля сходу яго ўдзельнікі засталіся на адкрыцці. А мэр Сопата Яцэк Карноўскі, які прысутнічаў на сходзе гарадзенскіх палякаў, запрасіў арганізатараў фотавыставы ў гарадскую галерэю Сопата з вернісажам.
Адкрыццё пачалося з прагляду дасланых на конкурс “Прэс-фота Беларусі – мультымедыя” ролікаў, якія дэманстраваліся ўпершыню. На гэты конкурс 11 аўтараў даслалі 14 міні-фільмаў, створаных пры дапамозе фота, відэа і гуку. У Гродне паказалі тры з іх: ролік Аляксандра Васюковіча, прысвечаны прэзідэнцкім выбарам 2010 года, “Паганства” Андрэя Лянкевіча і ролік пра ініцыятыву маладзёнаў, якія гатуюць ежу бедным людзям аўтарства Максіма Сарычава.
“Сёлета мы не ставілі тэматычных умоў для мультымедыйных ролікаў, таму дасланыя ўдзельнікамі працы закранаюць самыя розныя тэмы – гэта палітыка, паганства, народныя традыцыі, сацыяльная праблематыка, – расказала Юлія. – Калі казаць пра катэгорыю ўдзельнікаў гэтага конкурса, то мультымедыя гэта, хутчэй, конкурс для маладых аўтараў, якія вучацца нейкім навінкам. У фотаконкурсе ўдзельнічае шмат прафесійных фатографаў, якія здымаюць ужо па 20, 30 год, гэта зубры айчыннай фатаграфіі, якіх ведаюць у Беларусі і за яе межамі. У мультымедыя ж удзельнічалі збольшага маладыя аўтары”.
Пераможцы “Прэс-фота Беларусі 2012” у катэгорыі мультымедыя будуць названыя 8 снежня.
Пасля адкрыцця выставы ўдалося задаць некалькі пытанняў Юліі Дарашкевіч, якая разам з Вадзімам Заміроўскім, па словах вядучага, “на сваіх іспалінскіх плячах ужо тры гады трымае ўвесь конкурс “Прэс-фота Беларусі”.
Юля, чаму ты займешся гэтай справай? Праект “Прэс фота Беларусі” акрамя пэўнай славы прыносіць яшчэ і стос праблем…
Напэўна, гэта тое, чым бы я хацела займацца ў сваім жыцці на дадзены момант. У Беларусі ніхто не ладзіць прафесійныя фотаконкурсы. А наш конкурс цікавы яшчэ і тым, што ён аб’ядноўвае фатографаў з дзяржаўных і недзяржаўных выданняў, што для Беларусі з’ява ўнікальная. Мая асабістая мэта – каб беларускія фатографы сталі перамагаць у міжнародных конкурсах, каб нехта ўрэшце ўзяў прыз World Press Photo. Я лічу, што пэўны ўнёсак мы ў гэтую справу мы робім. Бо апроч выставаў, якія паказваюць Беларусь усяму свету, ёсць і адукацыйная частка нашага праекта.
Ты назіраеш конкурс і яго ўдзельнікаў ад самага пачатку. Ці назіраецца нейкі рост?
Мне падаецца, што рост відавочны. Штогод мы прыдумляем нейкія новыя планкі для нашых удзельнікаў. “Прэс-фота Беларусі” пачынаўся як невялікі конкурс, а зараз у нас асобна ацэньваюцца серыі, праекты. Мы сталі прывозіць у Беларусь фотамайстроў, сябраў нашага журы, якія прафесійна распавядаюць, якім чынам лепш скампанаваць серыі, як правільна зняць фотапраект. Мне падаецца, гэта стымуляе людзей да такіх форм самавыяўлення. Сёлета мы запусцілі конкурс мультымедыя, на які атрымалі 14 ролікаў ад 11 удзельнікаў. З аднаго боку, гэта няшмат, а з іншага – ніхто раней не рабіў такія мультымедыйныя ролікі.
Чаму штогод сітуацыя з памяшканнем для выставы пераможцаў пагаршаецца? Калі ў першы год здымкі ў Гродне выстаўляліся ў Музеі гісторыі рэлігіі, летась вернісаж быў арганізаваны ў невялікай залі “Крыгі”, то сёлета гэта ўжо малавядомае шырокай публіцы памяшканне?
Адразу трэба агаварыцца: у Музеі гісторыі рэлігіі і “Крызе” мы выстаўлялі не ўсе фоткі. Гэта былі адцэнзураваныя выставы: не было здымкаў на палітычную і востра-сацыяльную тэматыку. І мы пастаянна стаім перад выбарам: ці прасіцца ў публічную галерэю, куды прыходзіць шмат людзей і ўжыць самацэнзуру, або паказаць у нейкім андэграўндным памяшканні і павесіць усе здымкі цалкам. Сёлета мы вырашылі паказаць выставу цалкам. Магчыма, у наступным годзе мы будзем рабіць нейкія камбінаваныя выставы для вялікіх галерэй.
Дзесьці яшчэ ў Беларусі ўдасца паказаць поўную выставу?
У гэтым годзе адцэнзураваную версію ў Беларусі мы нідзе не вешалі. Таму ў Гродне гэта другая выстава пасля галерэі “Ў”, дзе мы ўзнагароджвалі пераможцаў і паказвалі здымкі цягам трох дзён. Больш, думаю, у Беларусі поўную выставу паказаць не здолеем: мы больш не ведаем такіх памяшканняў. У нас быў мінулагодні досвед, калі мы грукаліся ва ўсе галерэі. Некаторыя давалі першапачатковую згоду, як, напрыклад, у Маладзечне, але пасля, за суткі да адкрыцця, калі былі змешчаныя ўсе здымкі, нам тэлефануюць і кажуць, што ў іх пачынаецца рамонт. Мы прайшлі праз гэта, і я не бачу сэнсу паўтараць такі досвед, бо занадта шмат накладак атрымліваецца, калі ўсё адмяняць. Затое выстава паспяхова ладзілася за мяжой – у Варшаве, Вільні, Кракаве, Брне і іншых гарадах.
Як лічыш, чаму не так даўно канфіскаваныя на мяжы альбомы “Прэс-фота Беларусі 2011” было вырашана знішчыць? Раней узятыя на экспертызу альбомы праз нейкі час вярталі…
З альбомамі адбылася незразумелая сітуацыя. У мяне ўражанне, што спрацаваў чалавечы фактар. Нехта вырашыў перастрахавацца, і калі ўсё пайшло па ланцужку, то вырашылі не вяртаць альбомы і прыдумалі для гэтага прычыну. А можа, супрацоўнікі мытні захацелі на Новы год пакінуць сабе маленькія прэзенты. Хоць мы бы з радасцю іх ім падарылі.
Выставу “Прэс-фота Беларусі – 2012” у Гродне ў залі па вул. Будзёнага 48а можна будзе наведаць да 10 снежня. |
||
Відэа Андрэя Ломава
Фота Яна Лялевіча