Чыім інтарэсам служаць моладзевыя цэнтры?

|

У адным з матэрыялаў БелТА паведамляла аб тым, што тады яшчэ першы сакратар Гродзенскага абласнога камітэта ГА “БРСМ” Юрый Аляксей заявіў пра цэнтр: “Падобнага комплексу, у якім працуе моладзь для моладзі, які служыць інтарэсам студэнтаў і працоўнай моладзі, у нашай краіне яшчэ не было”.

 

Я пачала з цікавасцю назіраць за падзеямі. Што ж такога новага і незвычайнага, чаго ў краіне яшчэ не было, прапануе моладзі БРСМ? Але па ходзе падзей да сённяшняга дня пытанняў з’яўлялася больш, чым адказаў. Глядзіце…

 

Ініцыятыву адкрыць першы моладзевы цэнтр праявіў БРСМ у рамках праекта “100 ідэй для Беларусі”. Ідэю адкрыцця падтрымалі на абласным і рэспубліканскім узроўнях.

 

Пра тое, што на месцы старога будынка кінатэатра з’явяцца два дызайнерскіх кафэ, начны і кампутарны клубы, ў СМІ гучала неаднаразова. Гарадзенцы не раз маглі пачуць, што ў моладзевым цэнтры рэалізаваны самыя інавацыйныя тэхналогіі для якаснай арганізацыі вольнага часу і творчасці юных жыхароў Гродна. У будынку ўстаноўлена сучаснае абсталяванне, зроблены непаўторны дызайн інтэр’еру, які спалучае выгляд вуліц старога горада і малюнкі графіці.

 

І тут успомніўся ўжо існуючы ў Гродне Палац творчасці дзяцей і моладзі. Былы Палац піянераў. Тут няма інавацыйных тэхналогій, няма найбольш сучаснага абсталявання, няма непаўторнага дызайну і БРСМ-а няма. З агульнага – толькі малюнкі на сценах. Але зробленыя яны не прафесійнымі графіцістамі, а аматарамі.

Графіці ля былога Палаца піянераў, цяпер Палаца творчасці дзяцей і моладзі

А вось і сам палац

 

Дык у чым справа? Чаму не адрэстаўраваць тое, што маем? Навошта марнаваць 50 мільярдаў на будаўніцтва яшчэ аднаго цэнтра? Вось тут і паўстала пытанне інтарэсаў.

 

Для газеты “Рэспубліка” Юрый Аляксей адзначаў, што ён не сумняваецца ў тым, што аб’ект будзе прыносіць прыбытак.

 

Адкрываючы моладзевыя цэнтры, мы выконваем даручэнне Прэзідэнта – ідзем па шляху да самафінансавання БРСМ. Ужо хутка першы цэнтр на вуліцы Савецкай зможа прыносіць прыбытак, які будзе накіроўвацца на дзейнасць нашай абласной арганізацыі.

Ажыццявіць нашу ідэю мы змаглі дзякуючы разуменню яе важнасці абласной уладай і дзейснай падтрымцы старшыні Гродзенскага аблвыканкама Сямёна Барысавіча Шапіры. Разам мы гатовы сёння стварыць умовы для развіцця і творчага росту маладых людзей, у разліку на тое, што праз нядоўгі час яны стануць ствараць будучыню Беларусі”.

 

Цікавая акупнасць. Па-першае, цяпер у моладзевым цэнтры актыўна праходзяць начныя дыскатэкі да 6 раніцы. Гэта пакуль адзінае, пра што чуе горад з моманту адкрыцця.

 

Па-другое, уваходныя дзверы будынка пастаянна зачынены. Як распавёў малады чалавек Іван (на першым фота на прыступках моладзевага цэнтра), с часу адкрыцця ён ужо неаднаразова спрабаваў патрапіць днём у будынак і атрымаць інфармацыю аб працы цэнтра.

 

Па-трэцяе, у сацыяльнай сетцы УКантакце ёсць група моладзевага цэнтра. Тут можна паглядзець фотаздымкі з апошняй вечарынкі 30 лістапада – Retro Party. Вось якія ўмовы стварылі “для развіцця і творчага росту маладых людзей, у разліку на тое, што праз нядоўгі час яны стануць ствараць будучыню”.

Здымак узяты з афіцыйнай суполкі Моладзевага цэнтра, але ў мэтах аховы прыватнасці людзей на ім, рэдакцыя прыбрала твары

 

Некалі былы першы сакратар Гродзенскага БРСМ казаў аб тым, што ў будучыні падобныя моладзевыя цэнтры з’явяцца і ў райцэнтрах вобласці на базе кінатэатраў і цэнтраў творчасці, што неэфектыўна выкарыстоўваюцца.

 

Навошта ўкладваць мільярды ў гурткі шахмат, навучанне спеву і харэаграфіі ў цэнтрах творчасці? Непапулярна навучаць моладзь логіцы, роднай мове, мастацкай гімнастыцы і плаванню. Хіба акупяцца гэтыя інвестыцыі ў параўнанні з начным клубам, вечарынамі і продажам алкаголю?

 

Хіба змогуць камерцыйныя начныя клубы годна канкураваць з паніжанай цаной квіткоў “дзяржаўных” дыскатэк?

 

Дзе за тры месяцы з моманту адкрыцця паведамленні аб тым, што ў будынак пераехала школа дыджэяў або адкрыўся клуб, дзе пенсіянерам і ветэранам прапануюць навучацца працы на кампутары? Дзе аб’явы пра тое, што ў дзённы час праводзяцца заняткі па брэйк-дансе, хіп-хопе і іншых моладзевых напрамках?

 

У Статуце БРСМ у метадах ажыццяўлення дзейнасці напісана: “Дапамога членам ГА “БРСМ” у арганізацыі іх вольнага часу шляхам правядзення мерапрыемстваў, накіраваных на фізічнае, духоўна-маральнае, культурнае развіццё маладых людзей”.

 

Хіба такія мерапрыемствы як вечарынкі павышаюць фізічнае, духоўна-маральнае і культурнае развіццё?

Бар у Моладзевым цэнтры. Як і цэнтр, не працуе яшчэ на поўную моц. За бармэнамі бачны сціплы выбар напояў

 

Вернемся да матэрыяла карэспандэнта БелТА: “У Гродне ж будзе рэканструяваны даўгабуд Палаца культуры будаўнікоў па праспекце Касманаўтаў пад яшчэ больш маштабны цэнтр, разлічаны на наведванне каля 4 тысяч чалавек. У ім будзе 5 рэстаранаў, дысказалы, боўлінг, салон прыгажосці. На рэканструкцыю будзе накіравана каля 50 мільярдаў рублёў, аб’ект стане самым вялікім моладзевым цэнтрам у краіне”.

 

У нас у горадзе мала трэнажорных залаў? Не хапае спартовых бараў? Дэфіцыт цырульняў? Або ў “моладзевым цэнтры” патрэбны 5 рэстаранаў для моладзі?

 

14 лістапада ў газеце “Гродзенская праўда” з’явіўся матэрыял у адказ на тое, што чытачка прасіла высветліць пытанне аб рэжыме работы цэнтра.

 

“- Калі цэнтр запрацуе ў поўную сілу? – Цікаўлюся ў выконваючага абавязкі першага сакратара абласнога камітэта ГА “БРСМ” Дзяніса Чарняка.

Той перанакіроўвае ў “Гроднааблкінавідэапракат”, дзе знаходзіцца на балансе ўстанова, што прыйшла на змену кінатэатру “Гродна”.

– У цяперашні час праводзім зліццё моладзевага цэнтра “Гродна” і КУП «Гроднааблкінавідэапракат», – пацвярджае генеральны дырэктар Юрый Аляксей. – Ужо набралі ў штат неабходную колькасць афіцыянтаў, бармэнаў, ахоўнікаў, дзяжурных па зале з ліку студэнтаў. Абавязкі дырэктара, галоўнага інжынера цэнтра па сумяшчальніцтве выконваюць супрацоўнікі “Гроднааблкінавідэапраката”.

 

Якім чынам аб’ект ужо апынуўся ў дзяржаўнага прадпрыемства “Гроднааблкінавідэапракат”? Атрымліваецца, ён пайшоў следам за цяпер ужо яго генеральным дырэктарам, а тады першым сакратаром гродзенскага ГА “БРСМ”? Ці можа сакратар пайшоў за аб’ектам у структуру, што ім валодае?

Можа быць самаакупнасць менавіта гэтага прадпрыемства трэба павысіць за кошт дыскатэк, салонаў прыгажосці і пяці рэстаранаў? Усё ж не сакрэт, што кінапракат у Беларусі патрабуе датацый.

 

Тады пры чым тут БРСМ і яго самаакупнасць? Якой моладзі аддадзены будынак? І чыім інтарэсам павінны будуць служыць моладзевыя цэнтры?

 

Здымкі аўтаркі