Гарадзенцы ўшанавалі памяць Стэфана Баторыя

Святая Імша адпраўлялася на лацінскай мове, як гэта было ў часы караля Стэфана, але ў сучасным парадку.

 

“Чалавек жыве, пакуль жыве аб ім памяць, – адзначыў кс.Антоні Грэмза, рэктар касцёла, падчас пропаведзі. – Змяняюцца пакаленні людзей, але памяць укараняецца дзякуючы заслугам чалавека. Чым большыя справы, тым большая памяць. Памятаем пра людзей, каб перадаваць гэтую памяць, каб яна была жывой”.

Імшу на лацінскай мове праводзіў ксёндз Антоні Грэмза

 

Стэфан Баторый – чалавек, вызначаны провідам, які шмат зрабіў для горада і касцёла, лічыць кс. Антоні. Ён, Кароль польскі і Вялікі князь літоўскі, умацаваў межы краіны, абараняў хрысціянства падчас вайны з туркамі. Кароль Стэфан зацвердзіў рэформу грыгарыянскага календара адным з першых у Еўропе, каб паказаць сваю лучнасць з Папам Рымскім. Стэфан Баторый быў моцна звязаны з езуітамі, разумеў неабходнасць асветы. Ён зафундаваў езуіцкі кляштар на гэтых землях. Адкрыў першую на тэрыторыі ВКЛ Віленскую акадэмію.

 

“Усё чыню для хвалы Божай,” – казаў Стэфан Баторый.

Канцэрт барочнай музыкі ў выкананні артыстаў Гарадзенскай капэлы

 

Гродна быў для караля вельмі дарагім сэрцу горадам, прыгадаў кс. Антоні. Баторый быў злучаны з горадам духоўна і эмацыйна. Гродна быў для яго неафіцыйнай сталіцай краіны. Кароль Стэфан часта прабываў у сваёй гарадзенскай рэзідэнцыі, затрымліваўся ў горадзе перад ваеннымі выправамі.

 

“І памёр у Гродне гэтаксама невыпадкова, – лічыць кс. Грэмза, – Гродна было для яго месцам нараджэння для нябёс”.

 

Стэфан Баторый марыў, каб яго рэшткі спачывалі ў Гродне. Цела першапачаткова паўтары гады знаходзілася ў Фары Вітаўта, пазней яго перанеслі ў Вавельскую катэдру, дзе спачываюць усе каралі Рэчы Паспалітай.

 

Святар нагадаў, што раней у горадзе была плошча імя Стэфана Баторыя. Сёння ў гонар караля названа вуліца і магазін “Баторыя” ў цэнтры горада.

Суполка старадаўняй музыкі Гарадзенскай капэлы выканала творы Вівальдзі, Глюка, Пёрсэла. Па словах салісткі, акустыка ў касцёле вельмі добрая, гук нібы сам разыходзіцца, “патрэбна толькі адкрываць рот”. Музыкі ж адзначылі, што мелі невялікія цяжкасці з прызвычаеннем музычных інструментаў да ігры ў такой вялікай залі.

 

Такім чынам, у Гродне ўжо другі год адзначаецца дзень смерці караля.

 

 

Здымкі і відэа Яна Лялевіча