У Скідзелі пабудуюць ачышчальныя збудаванні, але смурод знікне толькі праз 10 год
Сучасная станцыя ачысткі сцёкавых водаў дазволіць не толькі ачышчаць тэхналагічныя воды, але ўтылізаваць асноўную частку арганічных рэчываў і выкарыстоўваць іх для вытворчасці біягазу.
Гэта дазволіць пазбавіцца ад крыніцы непрыемнага паху, які ўзнікае ў выніку бражэння адыходаў на палях фільтрацыі, а таксама атрымаць энергію для пакрыцця часткі энергетычных патрэбаў станцыі.
Новыя ачышчальныя збудаванні павінны будуць не толькі перапрацоўваць сцёкавыя воды, але і ачышчаць ваду палёў фільтрацыі. Калі станцыя будзе працаваць з запланаванай магутнасцю – 4,5 тысячы кубаметраў у суткі – на ачыстку вады палёў фільтрацыі спатрэбіцца каля 10 гадоў. Толькі пасля гэтага смурод у Скідзелі знікне.
Рэалізацыя праекта пачалася ў 2011 годзе, сёлета на будаўніцтва выдаткавана каля 6,4 мільярды рублёў, галоўны этап запланаваны на 2013 год. У цэнах 2012 года кошт будаўніцтва складае каля 45 мільярдаў рублёў, кошт абсталявання, якое закупяць у славенскай кампаніі, – каля 4 мільёнаў еўра.
Скідзельскі цукровы камбінат – найстарэйшае беларускае прадпрыемства цукровай вытворчасці – пабудаваны адразу пасля Вялікай Айчыннай вайны. Акрамя цукру, камбінат адзіны ў Беларусі вырабляе лімонную кіслату.
Паводле belta.by
Здымак skidel.org