На дарогах Гродзенскай вобласці з пачатку года затрымана 5811 пьяных кіроўцаў
Акцыя пройдзе з 20 снежня да 7 студзеня.
Як распавёў начальнік аддзела агітацыі і прапаганды ДАІ Гродзенскай вобласці Яўген Дудко, у гэты перыяд на дарогах вобласці пройдуць спецыяльныя рэйды. Іх мэта – выявіць пьяных кіроўцаў і не дапусціць іх да кіравання транспартнымі сродкамі.
Пад асаблівую ўвагу возьмуць спальныя раёны, дарогі побач з забаўляльнымі ўстановамі, месцы правядзення святочных мерапрыемстваў. Супрацоўнікі ДАІ узмоцняць пільнасць і ў вечаровы час.
У Гродзенскай вобласці з пачатку года па віне пьяных кіроўцаў здарыліся 67 ДТЗ ( летась – 88). Па ўсёй Беларусі за 11 месяцаў нецвярозыя кіроўцы вінаватыя ў 628 аварыях, у якіх загінулі 160 чалавек, 701 – скалечаны.
Штодня супрацоўнікі ДАІ затрымліваюць каля 100 кіроўцаў у стане алкагольнага ап’янення, у выходныя – у 2 разы больш.
За кіраванне транспартным сродкам у нецвярозым стане прадугледжана пакаранне ў выглядзе штрафа ад 15 да 35 базавых велічынь (1 базавая – 100 тысяч рублёў) і пазбаўленнем правоў тэрмінам на 3 гады.