“Птушкі ў аб’ектыве-2012”: большасць узнагарод узялі гарадзенцы

|

На першым месцы “Юны арнітолаг” Андрэя Мікановіча (аператара тэлерадыякампаніі “Гродна”).

 

 

Два другіх і трэцяе месца атрымалі здымкі Дзмітрыя Вінчэўскага  з працесу кальцавання птушак на Тураўскай станцыі, за якім назіраюць цікаўныя брытанскія бёдуотчары,  з нацыянальнага парку Келаодэо (Індыя), дзе ў ранішнім тумане робіць першыя крокі з веларыкшы мясцовы фотаанімаліст.

 

На трэцім месцы фота, зробленае Дзмітрыем у часе кальцавання птушаня лебедзя-клікуна на тэрыторыі, важнай для птушак, “Гарадзенская Свіслач” (на галоўным здымку).

 

У намінацыі “Птушкі” на другім месцы апынуўся здымак Мікалая Гулінскага з Гродна пад назвай “Водныя баталіі”, які паказвае адзін з момантаў нападу чорнаваллёвага гагача на вывадак качкі-крыжанкі.

 

Убачыць такі момант – рэдкая ўдача, бо чорнаваллёвы гагач залятае на Гарадзеншчыну нават не штогод.

 

Дзмітры Вінчэўскі – рэдактар сайта Birdwatch.by і адзін з пераможцаў:

 

– Гэты фотаконкурс праводзіцца з канца 1990-ых гадоў. Аматары птушак з Гарадзеншчыны звычайна актыўна ўдзельнічаюць. У нас ёсць пастаянныя аўтары. Самыя дасведчаныя  – Мікалай Гулінскі і Георгі Гулеўскі (іх здымкі сёлета трапілі ў фінал), вядомы гарадзенскі фотамайстар Сяргей Чарапіца, Уладзімір Янушэвіч са Слоніма.


Сёлета далучыўся і адразу заняў пераможнае месца аператар гродзенскага тэлебачання Андрэй Мікановіч.


Я таксама ўдзельнічаю фактычна штогод. Нажаль, мая апаратура не дазваляе якасна здымаць птушак, таму здымаю людзей, якія птушак назіраюць.

Калі ёсць добрыя здымкі – заўсёды варта паказваць іх людзям.


Здымакі з сайта birdwatch.by