Конкурс абітурыентаў у беларускія ВНУ прынцыпова не павялічыцца
Пра гэта паведаміў першы намеснік міністра адукацыі Беларусі Аляксандр Жук. “Кантрольнымі лічбамі прыёму, якія ўзгоднены з Міністэрствам эканомікі, плануецца павелічэнне амаль на 2 тыс бюджэтных месцаў для дзённай формы навучання. Гэта павелічэнне фактычна на 4,3 %, а калі ўлічыць і павелічэнне прыёму на платную форму навучання ў дзяржаўныя ВНУ, то мы мяркуем, што конкурс ва ўстановы прынцыпова не павялічыцца ў параўнанні з мінулым годам”, – адказаў А.Жук.
У 2009 годзе абітурыенты будуць паступаць у 53 беларускія ВНУ, з якіх 43 дзяржаўныя і 10 прыватных, куды плануецца прыняць 94, 2 тысячы чалавек. Гэта на 2,8 тыс. чалавек больш, чым у 2008 годзе. На навучанне за кошт сродкаў бюджэту запланавана прыняць 32,7 тыс. чалавек, а на ўмовах аплаты – 60,9 тыс. чалавек.
Калі казаць пра гродзенскія ВНУ, то агульная колькасць бюджэтных месцаў для першакурснікаў Гродзенскага медуніверсітэта павялічылася амаль на 200. У Гродзенскім аграрным універсітэце абітурыентам будзе прадстаўлена 396 бюджэтных месцаў і 545 на платнай форме навучання.
З выкарыстаннем інфармацыі interfax.by