“Нёман”: навіны міжсезоння

|

Рэха сезона

 

Адразу па заканчэнні чэмпіянату “Нёман” правёў спарынг-матч з беластоцкай “Ягелонiяй”. Гульня прайшла на трэніровачнай базе польскага клуба, якая знаходзіцца ў сямі кіламетрах ад Беластока. Сустрэча завяршылася перамогай “Нёмана” з лікам 1:0. Пераможны гол на рахунку Артура Бобеля, ён правёў яго на 62-й хвіліне з дакладнай перадачы Ягора Матвеева.

Гульня з Ягелоніяй

 

Мэтай гэтага матчу была праверка моладзі. “Нёман” гуляў складам: Юруць, Квенцэр, Гайдоўскi, Анюкевiч, Мацвееў, А.Кныш, Д.Кныш, Легчылiн, Цеслюкевiч, Калiжанаў, Бомбель. У другім тайме на замены выходзілі: Шыманоўскі, Журневiч, Забелiн, Глебаў.

 

На афіцыйным сайце каманды праводзілася галасаванне на “Лепшага гульца ў сезоне 2012 года”. Лепшым стаў Сяргей Чэрнік, за яго было аддадзена 30% галасоў. Другім стаў Максім Вітус, які набраў 23% галасоў. Тройку замкнуў капітан каманды – Іван Дзенісевіч – 17% галасоў.

Вядомым беларускім парталам Football.by была складзена свая сімвалічная зборная нацыянальнага першынства. У гэтую зборную ўвайшлі два футбалісты “Нёмана” – Сяргей Чэрнік і Іван Дзенісевіч. Самым стабільным гульцом мінулага першынства можна назваць Сяргея Чэрніка, ён атрымліваў заліковыя балы ад Football.by у васьмі месяцах з дзевяці.

 

Акцыі

 

Прадстаўнікі і гульцы “Нёмана” займаюцца дабрачыннасцю і сацыяльнымі праектамі. Так у гэтым месяцы футбалісты гарадзенскага “Нёмана” наведалі Палац творчасці дзяцей і моладзі, дзе сустракаліся з вучнямі Гродзенскай спецыяльнай сярэдняй агульнаадукацыйнай школы для дзяцей з парушэннем слыху. Гэтыя сустрэчы ўжо сталі традыцыяй.

 

Дзмітрый Кавалёнак правёў класную гадзіну ў мясцовай школе. Для візіту была выбрана сярэдняя школа № 27.

 

Аляксандр Анюкевич, Артур Бомбель, Павел Савіцкі і Ягор Мацвееў прынялі ўдзел у акцыі “Твая тэма!”, якая была прымеркавана да Сусветнага Дня барацьбы са СНІДам.

 

Трансферы

 

Стала вядома, што з каманды сышлі (па заканчэнні кантрактаў) футбалісты Іван Пеха і Андрэй Лясюк.

 

У інтэрв’ю “Прессболу” Лясюк заявіў: “На ранейшых умовах не вярнуся. Спадзяюся на павелічэнне сумы кантракту. Дасягнем у гэтым кірунку кансэнсусу з кіраўніцтвам – з задавальненнем працягну гуляць у Гродне. Мне тут цалкам камфортна, ды і абедні я, відаць, не сапсаваў, сезон атрымаўся нядрэнным. Асабліва гэта датычыць фінішнага адрэзку. Разыграўся…”.

 

Пеха з гэтай нагоды спартоваму выданню Goals.by адказаў так:

 

“Я дамовіўся з галоўным трэнерам і кіраўніцтвам клуба наступным чынам. Калі будзе больш канкрэтная і цікавая прапанова ад добрай каманды з моцнага чэмпіянату і з добрымі ўмовамі, я пагаджуся. Калі няма, падпішу кантракт з гарадзенскай камандай. Мне вельмі падабаецца гэты клуб і горад, я адчуваю сябе тут як дома. Сваё рашэнне я павінен агучыць да канца гэтага года.

 

Наогул, у Гродне вельмі хочуць мяне бачыць. Я і сам не супраць. Але мне ўжо 27 гадоў, трэба думаць цяпер і аб умовах кантракта, гуляць засталося зусім няшмат. Не кажу, што ў Гродне ўсё дрэнна, але бывае лепш. Пакуль ніякіх прапаноў ад іншых каманд няма, да канца года я дакладна вызначуся”.

 

Кантракт Паўла Рыбака гэтак жа мінуў. Дамова з Дзенісевічам і Сучковым сканчаецца 31 снежня. Усе пытанні па працягу супрацоўніцтва павінны вырашыцца да Новага года.

Ігар Ясінскі, Андрэй Лясюк, Іван Пеха

 

Скончыўся тэрмін арэнды з Ігарам Ясінскім і ён мае вярнуцца ў мінскае “Дынама”. “Твайму стылю” футбаліст паведаміў: “Прапанова далейшага супрацоўніцтва ад гарадзенскай каманды паступіла, але ў мяне кантракт “Дынама”, таму клубы паміж сабой будуць весці перамовы. У Гродне я правёў добры год, ёсць жаданне працягнуць гуляць у “Нёмане”. На дадзены момант не ўсё залежыць ад мяне”.

 

Абаронца Дзмітрый Шматко скасаваў кантракт з клубам па ўзаемнай згодзе бакоў. Такое рашэнне футбаліст прыняў з-за адсутнасці гульнявой практыкі. У апошнім сезоне на рахунку Шматко толькі дзве гульні ў складзе гарадзенскага клуба.

 

Барыс Панкратаў перайшоў у “Днепр”. Другі галкіпер каманды ў гэтым сезоне выйшаў толькі аднойчы. Мабыць магілёўскі “Днепр”, які вярнуўся у Вышэйшую Лігу РБ, імкнецца вярнуць сваіх былых гульцоў.

 

Супрацоўніцтва з кіраўніцтвам клуба было працягнута.

 

Фінансавыя пытанні

 

Фінансы граюць вялікую ролю. Клуб яшчэ не разлічыўся з футбалістамі і гэта можа дрэнна паўплываць на далейшае супрацоўніцтва. Заробкі гэта складаная справа не толькі ў нашай каманды. Па дадзеных pressball.by цалкам разлічыцца змаглі пакуль БАТЭ, мінскае “Дынама” і салігорскі “Шахцёр” – яны закрылі ўсе пытанні па выплатах сваім футбалістам ў мінулым сезоне. А вось у добрай паловы вышэйшай лігі – даўгі перад уласнымі гульцамі.

 

Здымкі fcneman.by і аўтара