У ноч перад Раством 24 снежня 1944 года

|

У той далёкі снежаньскі дзень 1944 года кіроўца 136-га стралковага палка ўнутраных войск НКУС, чые падраздзяленні мясціліся ў Ашмянах, з раніцы выконваў розныя даручэнні сваіх камандзіраў. У першай палове дня легкавая машына М-1, альбо, як яе часцей называлі, “эмка”, праехала не адзін дзясятак кіламетраў па дарогах Ашмянскага і Лідскага раёнаў. Нарэшце, у адным з хутароў недалёка ад Ліды, спыніліся на абедзенны перапынак.

 

Высокае начальства ў выглядзе начальніка штаба палка капітана Жукава вырашыла крыху адпачыць за чаркай. Аднак не ў адзіночку ж яму святкаваць, таму да кампаніі далучыліся байцы суправаджэння – малодшы сяржант Суханаў і малодшы сяржант Матвіеўскі. Кіроўца Бондар таксама не застаўся ўбаку ад добрай справы. Усе разам яны “пакацілі” некалькі бутэлек першакласнага “бімбару”. Тым часам пачало цямнець, вырашылі хутчэй вяртацца да месца пастаяннай дыслакацыі.

 

У палове сёмай вечара машына ўжо стаяла каля будынка штаба палка ў Ашмянах. Капітан Жукаў нецвёрдым голасам загадаў накіраваць транспартны сродак у гараж, з тым і пайшоў. Аднак яфрэйтар Бондар і яго сябры – малодшыя сяржанты – так трывіяльна заканчваць банкет зусім не хацелі. Душа патрабавала працягу свята. Таму неяк само сабой атрымалася, што “эмка” хутка апынулася не ў гаражы, а каля дома, дзе жыла сяброўка Матвіеўскага Галіна.

 

Святочная вячэра доўжылася каля дзвюх гадзін, пасля чаго малодшы сяржант Матвіеўскі страціў на некаторы час магчымасць рухацца і застаўся ў гасціннай хаце, а вось Бондар і Суханаў адчувалі сябе досыць бадзёра і вырашылі крыху пракаціцца і развеяцца. Па дарозе кіроўца Бондар успомніў, што тут непадалёку жыве яго знаёмая Фабрыкоўская. Грэх жа не заехаць у такі вечар не павіншаваць чалавека! Заехалі і адзначылі, як належыць.

 

Пасля таго зноў селі ў машыну. Да хмяльной кампаніі далучыўся  12-гадовы суседскі хлопчык Антон Шалабрыт, якому дужа карцела хаця б крыху праехаць у такім цудоўным легкавіку. Яфрэйтар Бондар не стаў супраціўляцца, пайшоў насустрач пацану. Селі і паехалі.

 

Машына шпарка ехала па ашмянскай вуліцы Чырвонаармейскай, потым павярнула на дарогу ў бок Вільні. Тут фары выхапілі з цемры павозку, на якой мясціліся брат Фабрыкоўскай і бацька хлопчыка Леанід Шалабрыт. Фабрыкоўскаму, які знаходзіўся на павозцы ў якасці пасажыра, прапанавалі  даставіць да месца жыхарства з камфортам. Той згадзіўся, і машына развярнулася ў бок Ашмян.

 

Зноў вуліца Чырвонаармейская. Кіроўца прыбавіў газу перад узгоркам, з узвышша ўвогуле кацілі з вецярком. Толькі на павароце адбылося нешта не так. Легкавік вільнуў у другі бок і на поўнай хуткасці ўрэзаўся ў ганак дома, у якім мірна адпачывала гаспадыня, грамадзянка Клоніс.

 

Наступствы аварыі затым дэталёва адзначаў у сваім данясенні ваенны дазнавацель:


“Разбіта лабавое шкло. Разбіта рулявое кола. Пагнута левая рама. Памяты крылы і абліцоўка радыятара. Пагнута пярэдняя вось. Перакасіўся кузаў”.

 

А вось што адбылося з тымі, хто сядзеў у салоне:


“Людзі пасля таго, як машына ўрэзалася ў ганак, вылецелі ў раскрытыя дзверкі. Грамадзянка Фабрыкоўская, якая сядзела побач з кіроўцам, моцна ўдарылася тварам, пасля чаго зрабілася пухліна твару з зачыненнем правага вока. Шалабрыт А. Г. і Фабрыкоўскі Б. Б., якія сядзелі ззаду, вылецелі праз правую дзверку. Атрымалі пашкоджанні твару. Кіроўца машыны ў выніку здарэння выбіў сабе тры пярэдніх зуба і падрапаў твар”.

 

Малодшы сяржант Суханаў, які таксама не здолеў застацца ў аўтамабілі, не пацярпеў увогуле. Вы толькі ўявіце сабе гэтую карцінку. Глыбокая перадсвяточная ноч. Гаспадыня дома хутчэй за ўсё ўжо лягла спаць, і раптам – моцны ўдар у ганак, а ў зорным небе па накірунку да веранды ляцяць чалавечыя постаці. Відовішча, як у галівудскім баевіку, толькі няма вакол кіношнікаў, а замест каманды “Матор!” працуе матор сапраўдны.

 

Згадзіцеся, што ў гэтую святочную ноч Усявышні бараніў усіх: мірных жыхароў, атэістаў, камуністаў і нават супрацоўнікаў НКУС.