БАТЭ і “Фенербахчэ” згуляюць у Гродне пры ўмове “ліквідацыі недахопаў”

|

На афіцыйным сайце УЕФА з’явілася інфармацыя пра дакладны час матчаў. Першая сустрэча адбудзецца ў Гродне 14 лютага 2013 у 21.00. Гульня ў адказ пройдзе ў Стамбуле 21 лютага ў 23.05 па беларускім часе.

 

Многіх жыхароў горада цікавіць пытанне квіткоў. Некаторую інфармацыю нам удалося знайсці. Мы спрабавалі звязацца з Францам Іосіфавічам Ляцягам з кіраўніцтвам ЦСК “Нёман”. На пытанне пра квіткі ён адказаў: “Усе пытанні да БАТЭ. Яны нам нават не зрабілі заяўкі. Звязвайцеся з імі”.

 

На сайце БАТЭ ніякай інфармацыі з гэтай нагоды не знайшлося. Прэс-аташэ ФК БАТЭ Сяргей Дашкевіч патлумачыў сітуацыю:

 

“На нашым сайце пакуль няма аб’явы аб месцы і пачатку правядзення матча з “Фенербахчэ” толькі па той прычыне, што афіцыйнай інфармацыі з УЕФА ў клуб яшчэ не паступала. Але ў тэлефонных размовах нас запэўнілі, што матч пройдзе ў Гродне пры ўмове ліквідацыі тых недахопаў, якія былі названыя ў ходзе нядаўняга візіту прадстаўнікоў УЕФА на гарадзенскі ЦСК “Нёман”.

 

Што тычыцца квіткоў, дык, безумоўна, гарадзенскія заўзятары змогуць убачыць гэты матч. Для іх будзе выдзелена пэўная колькасць квіткоў. Аб памерах гарадзенскай квоты, месцы продажу квіткоў і іх кошце мы паведамім прыкладна за месяц да пачатку гульні на афіцыйным сайце клуба.

 

Здымак аўтара