Гродзенскія адзінаццацікласнікі атрымалі ўзнагароды за выратаванне чалавека
Павел і Максім вучацца ў 11 класе сярэдняй гродзенскай школы №37. У ліпені гэтага годы хлопцы разам з моладдзю парафіі пад кіраўніцтам кс. Артура Малафея ўдзельнічалі ў Парафіядзе ў Варшаве. Напярэдадні спаборніцтваў падлеткі 2 тыдні адпачывалі ў парафіядным летніку ў Дэмбках на Балтыйскім моры.
Адным днём група традыцыйна адпачывала на беразе Балтыйскага мора. Да святара падбегла жанчына і запытала, ці ўмее ён плаваць. У моры, метраў за 60-70 ад берага, дапамогі патрабаваў яе муж.
Кс. Артур крыкнуў сваёй падапечнай групе моладзі на беразе “На дапамогу!”. Хлопцы кінуліся да мора, некаторыя, ацаніўшы свае сілы, засталіся каля берага. Павел і Максім хутка паплылі да мужчыны, святар – за імі.
Мужчына трымаўся, абхапіўшы рукамі матрац, – з-за халоднай вады яго ногі не рухаліся. Хлопцы ўзяліся за матрац і дацягнулі да берага.
Жонка ўратаванага пасля казала: “Бог нам паслаў святара з групай, якія ўратавалі майго мужа”.
Справа ў тым, што выпадак здарыўся каля 17.30, у той час як выратавальная служба сыходзіць з пляжа ў 17 гадзін. Пасля гэтага часу кожны ўваходзіць у мора на свае страх і рызыку.
Рада Парафіяды хацела ўручыць хлопцам узнагароду за ўратаванне жыцця яшчэ ў Варшаве, аднак Павел мусіў з’ехаць раней. Тады было вырашана перадаць узнагароды ў Беларусь.
Такім чынам узнагароды Паўлу і Максіму ўручылі ў святочнай абстаноўцы напярэдадні Божага Нараджэння ў прысутнасці шматлікіх парафіян.
Пра сам выпадак Павел і Максім выказваюцца вельмі сціпла:
– Па-першае, мы не адчуваем сябе нейкімі героямі, – кажа Павел Цынеўскі. – Тады нават і не зразумелі, што адбывалася. Проста пачулі крык, убачылі мужчыну і адразу паплылі.
Не было думак, што халодная вада, што ў нас можа не хапіць сілаў.
Толькі праз гадзіны дзве прыйшло ўсведамленне, што мы ўратавалі чалавека і што сітуацыя магла б скончыцца іначай.
Тая пара нам увесь час дзякавала. Хоць гэта, канешне, прыемна, што ты зрабіў штосьці вельмі добрае і людзі вакол гэта ацанілі. Па шчырасці, толькі калі пачалі пісаць у газетах ці паказалі нас па тэлебачанні, мы адчулі нешта кшталту гордасці.
Паводле http://grodnensis.by