Бабаева: месца, дзе (не) пішуцца вершы

|

О, гэта было яшчэ тое мястэчка! Сышоўшы на перон чыгуначнай станцыі, я адразу адчуў нейкую бясконцую тугу. Вакол – высачэзныя гурбы снегу, дзе-нідзе пратаптаныя вузкія сцяжынкі, нейкія чорныя, быццам пасля пажару, хаткі. Традыцыйны помнік Леніну на цэнтральнай аднайменнай плошчы таксама быў чамусьці чорным, постаць правадыра нагадвала афраамерыканца.

 

У дзень прыезду мне спатрэбілася наведаць аптэку. Фармацэўтычная ўстанова займала кватэру ў звычайным двухпавярховым жылым доме. Зайшоўшы ў цёмны пад’езд, я паслізнуўся на гнілой падлозе і ледзь не зламаў нагу.

 

Увечары раптам пагасла святло, здалося, што ва ўсім гарадку. Гаспадары растлумачылі, што ў Бабаеве гэта – звычайная справа. Прыйшлося запаліць свечы. Абстаноўка зрабілася нібыта рамантычнай, я паспрабаваў напісаць які-небудзь вершык, павярнуць настрой, што называецца, у святочнае рэчышча. Аднак радкі не клаліся на паперу. З лёгкім сумам я канстатаваў, што апынуўся на непрыдатнай для паэзіі тэрыторыі.

 

align=”left” alt=”Мікалай Рубцоў” >Сёння высветлілася, што я жорстка памыляўся. Аказваецца, вясной 1967 года ў Бабаеве жыў і тварыў знакаміты паэт Мікалай Рубцоў (на здымку). Яму нішто не перашкаджала. Натхненне пераносіла творцу ў якія заўгодна далі. Напрыклад, менавіта тут ён напісаў такія радкі:


Над горной долиной – мерцанье.

Над горной долиной – светло.

Как всяких забот отрицанье,

В долине почило село.

Тюльпаны, тюльпаны, тюльпаны…

 

У тым жа 1967 працягнулася нітачка паэтычнай сувязі паміж Валагодчынай і Гарадзеншчынай. Валагодскі даследчык творчасці Мікалая Рубцова Вячаслаў Бялкоў адшукаў і надрукаваў у мясцовым краязнаўчым зборніку ліст, які напісаў Рубцову яго сябар, таксама паэт, Аляксандр Гінеўскі:


“Добры дзень, Коля. Калісьці мы блукалі з табой па начным Пецярбурзе і чыталі адзін аднаму вершы… У цябе выйшла выдатная кніга вершаў “Зорка палёў”. Вялікі, вялікі табе дзякуй, стары, за яе. Ты склаўся ў паэта, калі не скажаш больш… Коля, калі табе гэта не складана, то прышлі некалькі вершаў, якія раней не друкаваліся. Буду тябе ўдзячны. Ну і жадаю шчаслівай творчай мітусні. Сашка Гінеўскі. Гродна. 13 верасня 1967 г.

P. S. У Гродне прабуду яшчэ два месяцы”.


Што рабіў у нашым горадзе паэт Аляксандр Гінеўскі? Знаходзіўся ў доўгатэрміновай камандзіроўцы, займаўся мантажом абсталявання на “Азоце”.

 

Вось такая гісторыя. Узгадаўшы закінутае ў бяскрайніх паўночных расійскіх лясах Бабаева, я ўзяў ліст паперы і напісаў:


Я буду ровар гнаць у далёкі край,

У глухіх лугах спынюсь раптоўна я.

Тут столькі кветак – толькі іх збірай,

Усе для цябе, мая каханая.


Здымкі volads.ru і wikimedia.org