Гарадзенцы паставіліся абыякава да чутак пра дэвальвацыю
Нам было цікава, якія канкрэтна спосабы ратавання сваіх грошай абіраюць жыхары Гродна.
Гэтым разам нават не спатрэбілася апытваць звычайную сотню чалавек – пасля пяцідзесятага рэспандэнта ўсё было цалкам зразумела.
Вынікі ніжэй:
-Няма чаго ратаваць – 19
-Пераводжу ў даляры – 9
-Ніяк не рыхтуюся (не веру ў чуткі) – 7
-Не трымаю грошай у рублях – 7
-Не чуў пра такое – 4
-Пераводжу ў еўра – 2
-Маю дадатковы рахунак у замежным банку – 2
Заўважна, што найбольшая частка апытаныхне мае вялікіх зберажэнняў. Магчыма, гэта часткова звязана таксамі і з тым, што мы задалі пытанне непасрэдна пасля святаў – традыцыйнага перыяда вялікіх выдаткаў.
Сярод тых, хто адказаў, што пераводзіць беларускія рублі ў замежную валюту, істотная частка робіць гэта рэгулярна, незалежна ад чутак і прагнозаў (тыя, хто адказаў, “не трымаю грошай у рублях”). Сярод гэтых людзей амерыканскі даляр, хто характэрна для нашай краіны, усё яшчэ папулярнейшы за еўра.
Паміж апытанымі трапіўся нам і адзін “фінансіст”: ён расказаў, што плануе зарабіць на розніцах курсаў і коштаў, ды плануе пасля імавернай дэвальвацыі не прадаваць рублі, а наадварот, нарошчваць менавіта рублёвыя дэпазіты.
Агулам, гарадзенцы ўспрынялі ўяўную пагрозу дэвальвацыі цалкам спакойна.
Па тлумачэнні мы звярнуліся да эканаміста Аляксандра Сінкевіча.
align=”left” alt=”Image 27213″ >“Беларускі рубель ад самага свайго з’яўлення ёсць самай слабой валютай на постсавецкай прасторы, – тлумачыць Аляксандр. – Таму беларусы даўно ўжо звыкліся да яго сталай дэвальвацыі – як павольнай, гэтак і аднаразовай.
Нічога дзіўнага, што рублём насельніцтва карыстаецца ў асноўным для бягучых разлікаў, а накапліваюць багацце ў замежных валютах, каштоўных металах, нерухомасці ці таварах доўгага выкарыстання.
Слабая рэакцыя на чуткі ў пачатку году тлумачыцца яшчэ шэрагам фактараў. Найперш, значная дэвальвацыя 2011 года супакойвае, маўляў, такое немагчыма два разы запар. Да таго ж высокія працэнтныя стаўкі на рублёвых дэпазітах дазволілі добра зарабіць укладчыкам у 2012 годзе – гэта дае надзеі, што страты ад дэвальвацыі будуць меньшымі.
Што істотна, беларусы карыстаюцца вялікай колькасцю крэдытаў у рублях, а дэвальвацыя звычайна спрашчае іх вяртанне.
Нарэшце, вялікі працэнт людзей жыве “ад зарплаты да зарплаты”, таму праблемы курсаў валют іх не вельмі цікавяць”.