Асаблівасці гарадзенскага фармацэўтычнага крызісу

|

Ужо некалькі год ветэраны гарадзенскай фармацэўтыкі атрымлівалі грашовыя дадаткі да пенсіі ад роднага прадпрыемства. Але на мінулыя навагоднія святы яны такога падарунку ўжо не дачакаліся.


У Гродзенскім РУП “Фармацыя” некалькі год таму вырашылі не забываць сваіх пенсіянераў. У калектыўную дамову ўнеслі запіс пра тое, што чалавек, які адпрацаваў у аптэчнай сістэме не менш 15 год і пайшоў на пенсію менавіта з гэтай сферы, можа разлічваць на дадатковыя выплаты ад роднага прадпрыемства.

 

Такіх ветэранаў фармацэўтычнай працы на Гарадзеншчыне назбіралася каля 400 чалавек. Пасля прыняцця адпаведнага рашэння яны сталі атрымліваць па чатыры базавыя велічыні ў год. Звычайна гэтыя прыемныя выплаты рабіліся на пачатку года, да Міжнароднага дня жанчын, дня медыцынскага працаўніка і дня пажылых людзей.

 

Аднак на пачатку новага 2013 года ветэраны-фармацэўты так і не дачакаліся традыцыйных грошай. Здавалася б, што 100 тысяч беларускіх рублёў на сёння – сума не вельмі вялікая, аднак усё ж…

 

З пытаннем, што здарылася, мы звярнуліся ў Гродзенскае рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства “Фармацыя”. Там патлумачылі лаканічна: “Крызіс, у дзяржаўнай фармацэўтычнай сферы цяжкае эканамічнае становішча”.

 

Усё так. Аднак, тое ж самае цяжкае становішча не перашкодзіла ў канцы мінулага года выплаціць дзейсным супрацоўнікам традыцыйныя прэміяльныя. Што самае цікавае, упершыню не ў памеры звычайнага месячнага аклада. Аптэчнае начальства вырашыла: гуляць дык гуляць. І заплаціла сваім супрацоўнікам па паўтара месячных заробкі.

 

Атрымалася ў сярэднім ад чатырох да шасці мільёнаў на чалавека. І штосьці падказвае, што менавіта сюды і пайшлі ветэранскія грошы. На пенсіянераў пайшло бы ўсяго каля 40 мільёнаў рублёў. На ўсю вобласць.

 

“Можа, на 8 сакавіка будзе магчымасць заплаціць”, – сказалі нам у РУП “Фармацыя”. Што ж, ветэраны пачакаюць. Яны народ цярплівы.

 

На здымку – адна з аптэк Гродзенскага РУП “Фармацыя”. Здымак webapteka.by