“Моц смаку” прадэгуставалі ў Гродне
Гартаючы да прэзентацыі старонкі гэтай цуда-кнігі, я думала, як аўтар на пальцах будзе расказваць пра моц смаку. Бо чытаць гэтую кнігу з апетытнымі малюнкамі на галодны страўнік немагчыма.
Спадар Юры (на здымку ніжэй) не расчараваў: кожны наведнік пазіраў на столік збоку, дзе стаялі прывезеныя сямёй Качук прысмакі для дэгустацыі.
Кніга рэцэптаў беларускай кухні ўжо стала знакамітай. Па-сутнасці, гэта ці не адзінае выданне, дзе грунтоўна падаецца рэцэптура прыгатавання беларускіх страў. Каб змясціць у кнізе іх апісанне, здымкі ці малюнкі, Юры гатаваў кожную страву ўласнаручна. Сам жа і фатаграфаваў.
Цешаць зрок беларускія слоўцы ў кнізе: скрылькі, паліванне (соус), храпка (качарыжка), накрыпка (начынка), волкі, цыбулька сечаная ці шаткаваная. Юры кажа, што гэтыя слоўцы падарыў яму гарадзенскі паэт і навуковец Юрась Пацюпа, вядомы змагар за чысціню беларускай мовы.
“Тэлефаную і кажу яму: слухай, мне так не падабаецца гэтае слова – зубачыстка! Няўжо няма ў беларускай мове свайго? Ёсць, кажа, – шыпуль. Так і дапамог мне з назвамі ў кнізе”, – расказвае галоўны беларускі кухар.
У Гродне кнігу прэзентавалі пазнавата – ажно пасля некалькі гадоў, як яна выйшла з друку. Юры тлумачыць, што доўгі час заняла перавозка кнігі з Беластоку – папер для гэтага спатрэбілася сабраць ці не больш, як рэцэптаў у кнізе.
Апісаныя беларускія стравы выглядаюць надзвычай смачна, але не надта дыетычна – шмат смажанага, кансерваванага, вялізны пералік мясных страў. Хтосьці з прысутных пытае, наколькі здаровая беларуская кухня?
“Вельмі здаровая і дыетычная, – пераконвае Юры. – Ёсць дыетычныя стравы на любы смак: і халаднік, і салаты, і рыба. Але тут ужо як хто працуе. Калі я сплю па чатыры гадзіны, то я і рульку магу з’есці, і кавалак паляндвіцы”.
Для страўніка, кажа ён, самае тое есці стравы па рэцэптах продкаў – такая ежа найлепш ўспрымаецца арганізмам. Гэта як гаварыць на мове сваіх продкаў – тады ты будзеш захоўваць і перадаваць генную памяць. Праўда, свой страўнік праз гэтую кнігу Юры Качук сапсаваў:
“Часам каля 20 фота рабіў якой-небудзь стравы, каб добра выйшлі. А сфатаграфаваць трэба ж было ўсе. Так наглядзішся, здымаючы, што апетыт расце, як у ваўка. Так і жывот вырас”.
Пасля Юры прапанаваў прадэгуставаць некалькі страў, якія не ўвайшлі ў кнігу. Найперш усіх чакаў селядзец па-беластоцку ад даўняй сяброўкі і суаўтаркі першай кнігі пра беларускія стравы Яніны Чыжэўскай.
Юры парэзаў селядзец на кавалкі, а зверху паклаў прыгатаваны заранёў слой смажаных з цыбуляй і памідорамі шампіньёнаў у таматным паліванні. У экспрэс-гатаванні дапамагала жонка Ліля (на здымку).
Селядзец разышоўся сярод гасцей прэзентацыі імгненна. Засталіся толькі воклічы: “Смачна!”
Наступная страва называлася “Пірацкая салата”. Рэцэпт прыдумаў сам Юры Качук. Да беларускай кухні аднесці яе цяжка, бо ёсць даволі экзатычныя кампанены. На вачах гасцей Юры выкладае на талерку слой парэзанай бульбы, яек і марынаваных агуркоў, пасля раскладае пасечаную печань траскі, далей ідзе пасечаная марынаваная цыбуля, у канцы – кансерваваныя асьміногі, на іх – свае марынаваныя сцябліны часныку. Зверху аліўкі. Ледзь дачакацца, каб паспрабаваць гэты шэдэўр!
Наведнікі прэзентацыі каштуюць прагатаваную сам’ёй Качукоў страву
Пасля Юры дастаў уласнаручна засоленае сала – яго рэцэпт ёсць у кнізе. Сала наразае адмысловым нажом, які майстру падарыў Гродзенскі мясакамбінат. Два тыдні Юры праводзіў майстар-клас для шэф-павароў рэстарацыі ў Каробчыцах. Вучыў іх правільна гатаваць беларускія стравы, у тым ліку і марынаваць гародніну.
– Танчэй рэж, – падказвае жонка Ліля.
– Ды нармальныя кавалкі будуць! – адказвае муж.
Усё як у кожнай сям’і. Хтосьці з прысутных кажа: пашанцавала Лілі. Жанчына пагаджаецца – муж залаты. Спадар Юры з гонарам дадае: “Каб вы бачылі, як на вуліцах Зэльвы на мяне жанчыны глядзяць!”
На прэзентацыі можна было набыць кнігу і атрымаць аўтограф кулінарнага майстра. Кніга захапляе сваім грунтоўным падыходам і ўнікальнасцю: гартаючы старонкі, хочацца гатаваць усё.
Юры кажа, што кулінарная тэма для яго ўжо закрыта – ён мае іншыя планы:
“Для папулярызацыі беларускай кухні я зрабіў усё, што мог. Вынікам я задаволены. Хай іншыя даследуюць беларускую кухню, бо яшчэ шмат чаго не ахоплена: трэба збіраць рэцэпты на Палессі, Віцебшчыне. І хутчэй, пакуль жывая памяць”.
Здымкі Яна Лялевіча