Дзіцячыя кавярні ёсць, пайсці з дзецьмі няма куды
Дастаткова пражыўшы ў Польшчы і часта бываючы ў Літве, я вывучыла сітуацыю з дзіцячым адпачынкам у нашых суседзей дастаткова добра. Далёка ездзіць не трэба. У Беластоцкай “Галерэі Бялай” амаль паўпаверха займае дзіцячы цэнтр з лабірынтамі, вяровачнымі лесвіцамі, басейнамі з шарыкамі, тунэлямі, горкамі ды зручнымі месцамі для бацькоў. Побач боўлінг – забаўка для больш дарослых дзяцей.
У нас не так даўно адкрылі падобны забаўляльны цэнтр на рынку “Карона”. Спачатку ён вельмі падабаецца. Ды і кошты дастаткова прымальныя. Пабясіцца ў двухпавярховым лабірынце каштуе 30 тысяч рублёў без абмежавання часу, у буднія дні танней у два разы. Стаяць тут і розныя гульні для больш дарослых, а таксама некалькі міні-каруселяў для самых маленькіх. За асобную плату.
Аднак у гэтым цэнтры ёсць некалькі дастаткова вялікіх хібаў. Па-першае, няма спецыяльна абсталяваных месцаў для дзіцячага адзення. Па-другое, вельмі мала месца для чакання дзяцей бацькамі.
Канешне, дзіцё можна пакінуць адно, загадзя запісаўшы ў адмысловую табліцу свой нумар тэлефона ды асаблівыя прыкметы свайго сына ці дачкі. Аднак дзяцей шмат, назіральнік за імі – адзін, і найчасцей гэта зусім малады хлопец, які ў мяне асабіста не выклікае даверу. Добра, калі я памыляюся.
Пакідаць свайго сына ў гэтым цэнтры я наважылася толькі на 20 хвілін. Яшчэ кідаецца ў вочы тое, што ў гэтым цэнтры вельмі шмат людзей. Не кантралюецца, хто ўваходзіць, хто сыходзіць, хто забірае дзяцей. Складваецца ўражанне неахайнасці і неарганізаванасці працэсу.
Ёсць яшчэ дзіцячы пакой у гіпермаркеце “Алмі”. Тут з арганізацыяй адпачынку для дзяцей усё больш сур’ёзна, аднак вельмі малое памяшканне і абмежаваны час. Затое бясплатна.
У Вільні амаль ва ўсіх кавярнях, што разлічаны на сямейны адпачынак, існуюць сваеасаблівыя дзіцячыя куткі з маленькімі столікамі, крэсламі, з аркушамі паперы, алоўкамі, фарбамі, размалёўкамі, пластылінам, цацкамі ды настольнымі гульнямі. Часта ёсць адмысловае дзіцячае меню, разлічанае нават на самых маленькіх.
Ёсць месца для дзіцячых вазкоў, часцяком з імі адразу заязджаюць у залу і гэта не выклікае здзіўлення ці нараканняў. Абавязкова ёсць спецыяльныя высокія дзіцячыя крэслы.
Што тычыцца нашага горада, то ў нас таксама ёсць спецыялізаваныя дзіцячыя кавярні. Прынамсі, яны так сябе пазіцыянуюць. А як на самой справе?
У пошуках дзіцячага кафэ. Спроба І
Першым кафэ, куды я завітала, стаў “Чайкоффский”, што на праспекце Касманаўтаў. На сталах алоўкі ды размалёўкі. Інтэр’ер не зусім дзіцячы, але ёсць акварыум з рыбкамі. Гэта неяк нагадвае некалі дастаткова вядомае дзіцячае кафэ “Чырвоны каптурок” на БЛК. Памятаеце такое?
Аднак “Чайкоффский” не дзіцячая кавярня. Тут проста можна ўдзень прыйсці з дзецьмі. А ў суботу можна адзначыць, напрыклад, день народзін. Па тэлевізары ўключаць мульцікі. Цікаўлюся, ці магу замовіць столік на вечар, каб пасядзець з дзецьмі. Магу.
“Але не пажадана, – кажа афіцыянтка. – Вечарам тут іншы кантынгент”. Які, я не стала ўдакладняць.
Дадаткова трэба замовіць мінімум на 50 тысяч на чалавека нейкай ежы. Згадажаюся і на суму, і на іншы кантынгент. Але афіцыянтка раптам кажа, што ўсё гэта трэба вырашаць з адміністратарам.
Пасля 10-хвіліннага чакання аказваецца, што нікога няма на месцы. Мне ўручаецца буклет кавярні з просьбай ператэлефанаваць гадзіны праз паўтры. Тэлефаную. Ніхто не адказвае. Беларускі сервіс.
Сярод паслуг, якія ўзгадваюцца на сайце “Чайкоффского” ёсць дзіцячыя святы
У пошуках дзіцячага кафэ. Спроба ІІ
Тыя ж умовы пры замове століка ў кавярні “Мішутка”, якая пазыцыянуецца як цалкам дзіцячая. Пры ўваходзе вісяць малюнкі дзяцей, стаіць аўтамабіль-качалка. На гэтым ўсё дзіцячае, у прынцыпе, сканчаецца.
Яшчэ ёсць дзіцячае меню, дзе проста адсутнічае алкаголь. Для дарослых яго можна замовіць з кафэ “Пелікан”, якое знаходзіцца паверхам вышэй. Там жа можна замовіць і дарослую ежу, бо, як аказваецца, дзіцячае меню проста прадугледжвае меншыя порцыі.
Кошты прымальныя. Самае дарагое гарачае – “мядзведжая лапа” з мясам будзе каштаваць 22.500, а гарнір да яе з бульбы-фры – 6.600. Можна выбраць нешта таннейшае.
Інтэр’ер кавярні нічым не нагадвае, што гэта менавіта дзіцячая ўстанова. Няма тут ані алоўкаў, ані забавак нейкіх. “Але вы можаце прынесці сваё”, – без хітрыкаў кажа афіцыянтка.
На дзіцячы банкет можна замовіць і клоўна-аніматара. Каштаваць гэта будзе 250 тысяч. Замаўляць столік лепш загадзя. “Вось, напрыклад, сёння ў нас тры банкеты”, – запэўнівае мяне дзяўчына. Аднак у абед у залі нікога.
У пошуках дзіцячага кафэ. Спроба ІІІ
Накіроўваюся далей. З адмысловых дзіцячых устаноў харчавання застаецца толькі клуб “Хамелеон”. Памятаецца, пры яго пабудове было вельмі шмат спрэчак. Будавалі яго менавіта, як дзіцячае кафэ.
Аднак зараз ён спалучае ў сябе і начны клуб. З дзіцячага толькі вялікія мяккія цацкі на лавачках ды адмысловая праграма з аніматарам. У суботу.
Замаўляць яе таксама трэба заранёў. Уваход будзе каштаваць 40 тысяч. З дарослых і імянінніка, калі гэта адзначэнне дня народзін, грошай не возьмуць. Але і так трэба замаўляць столік, абавязковая папярэдняя замова ежы будзе складаць недзе 70-80 тысяч.
“А вось проста прыйсці ў абед з дзецьмі?” – пытаю я ў адміністратара. “Прыходзьце. Дзецям будзе тут цікава”, – паказваючы на пустую залу кажа яна.
Зала пустая, бо асноўнае прызначэнне гэтай “дзіцячай кавярні” – быць начным клубам.
Аднак нават мульцікаў у “недзіцячы” час не паставяць, бо тут жа іншыя кліенты, а тэлевізар адзін. Атрымліваецца, што акрамя суботняй рэзервацыі, адмысловых праграм для дзяцей у нас у горадзе няма.
Дык ці ёсць куды пайсці з дзецьмі?
На вуліцы Антонова, кажуць, будуецца менавіта дзіцячая кавярня. Аднак колькі было тых размоў! На выхадзе ж атрымліваецца нешта незразумелае. Дзеці – паўнавартасныя гараджане, аднак месца, дзе можна было б адмыслова паставіць вазочак, я ўбачыла толькі ля “Хамелеона”, дзіцячае меню ёсць толькі ў некаторых установах, а дзіцячых крэслаў я не ўбачыла нідзе.
Не так даўно адкрылася новая кавярня – “Н2О”, дзе можна было б зрабіць адмысловыя дзіцячыя столікі. Месца хапае. Але не зрабілі. Не выгадна? Не рэнтабельна? Няма жадання?
Тут, відаць, трэба мяняць увесь падыход да дзяцей. Памятаю, мы сядзелі на вулічнай пляцоўцы піцэрыі “Семафор”: трое дарослых і пяцігадовае дзіця. Усім прыборы прынеслі, а малому – не. Афіцыянтка яшчэ доўга здзіўлялася: “А што? Трэба было?”.
У рэшце рэшт пасядзець увечары з дзецьмі мы вырашылі ў “Рэтра-піцы”. У гэты час там было шмат сем’яў, маленькія наведнікі насіліся па залі, а афіцыянтка прынесла меню і дзецям.
“Гэта ці не адзінае месца, куды можна пайсці з дзецьмі. Канешне, проста паесці. Пра забаўляльную праграму я не кажу”, – сказала мне знаёмая,якая таксама прывяла сваю дачку сюды. Гледзячы па колькасці дзяцей на квадратны метр, напэўна, згаджуся.
Вось так і атрымліваецца, дзіцячыя кавярні нібыта ёсць, попыт – таксама, а пайсці з дзецьмі амаль няма куды.
Здымкі аўтаркі, grodnozoo.by, chaikoffskiy.by ды з архіва “Тваго стылю”